Новы інстытут у Канадзе працягне пастырскую місію Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Ініцыятыва заклікана захаваць і паглыбіць багатыя тэалагічныя і практычныя напрацоўкі мінулага пантыфікату, прапаноўваючы грамадству новыя адукацыйныя і духоўныя праекты.
Прэзідэнт універсітэта, прафесар гісторыі Пітэр Міхэн у інтэрв’ю для “Vatican News” адзначыў, што Папа Францішак валодаў глыбокай душпастырскай інтуіцыяй, выдатна разумеў сучасны свет і сутнасць Другога Ватыканскага Сабора. Яго асаблівая ўвага да праблем міграцыі, экалогіі і адкрытасці да людзей розных поглядаў і паходжання стала адказам на выклікі нашага часу, і галоўная задача новай структуры – не даць гэтай спадчыне згаснуць.
Адукацыйныя праграмы, дыялог і служэнне за межамі Касцёла
Афіцыйнае адкрыццё запланавана на канец 2026 года. На базе Інстытута будуць праводзіцца канферэнцыі, дыскусіі і духоўныя рэтрыты. Акрамя таго, установа прапануе спецыяльныя навучальныя курсы, сярод якіх Сертыфікат у галіне каталіцкага лідарства, а з часам плануецца прыцягненне пастаянных навуковых супрацоўнікаў.
Прафесар Міхэн параўнаў каталіцкі ўніверсітэт з каталіцкім шпіталем, падкрэсліўшы абавязак служыць свету па-за ўласнымі межамі. Ён дадаў, што сапраўдным поспехам працы Інстытута стане прыцягненне да дыскусій не толькі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых супольнасцей.
Пераемнасць ідэй Францішка ў навучанні Льва XIV
Дзейнасць новай структуры набывае асаблівую актуальнасць і новы імпульс у кантэксце цяперашняга пантыфікату. Кіраўнік навучальнай установы заўважыў, што дзве магістральныя тэмы цяперашняга Пантыфіка – сінадальнасць і рэалізацыя пастаноў Другога Ватыканскага Сабора, якім Леў XIV прысвяціў цэлы цыкл сваіх катэхез, – цалкам супадаюць з прыярытэтамі Францішка.
Менавіта гэтыя фундаментальныя ідэі пераемнасці і адзінства будуць пакладзены ў аснову ўсіх даследчых і практычных праграм новага Інстытута.