Прэс-сакратары епіскапатаў Еўропы сабраліся ў Рыме
Ян Глінскі
Сустрэча была арганізавана Радай біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE). Пасяджэнні праходзілі ў сядзібе Канферэнцыі біскупаў Італіі, а таксама ў Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме, дзе прэс-сакратары мелі магчымасць пагутарыць з прафесарамі факультэта сацыяльных і інстытуцыйных камунікацый.
Тэмы лекцый былі сканцэнтраваны вакол розных аспектаў выкарыстання прыладаў штучнага інтэлекту ў мас-медыя Касцёла. Удзельнікі форуму разважалі, як эфектыўна выкарыстоўваць штучны інтэлект, асабліва ў пастырскай працы святароў і ў іх дзейнасці ў сацыяльных сетках. Было абмеркавана таксама, як аптымізаваць выкарыстанне розных камунікацыйных платформаў у працы прэс-сакратара, асабліва сацыяльных сетак.
Адным з цэнтральных пунктаў сустрэчы былі прэзентацыі прэс-сакратароў і супрацоўнікаў прэс-службаў еўрапейскіх епіскапатаў адносна праектаў і ініцыятыў, якія рэалізуюцца біскупскімі канферэнцыямі ў межах лічбавай місіі.
Удзельнікі форуму даведаліся таксама як выглядае праца СМІ пры Канферэнцыі біскупаў Італіі, а таксама сустрэліся з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі тэлебачання TV2000 і каталіцкага інфармацыйнага агенцтва SIR. Падчас гэтых сустрэч уздымаліся пытанні адносна кіравання і фінансавання каталіцкіх СМІ, а таксама гаварылася аб вырашальнай ролі каталіцкіх СМІ ў секулярызаваных грамадствах Заходняй Еўропы.
З удзельнікамі мерапрыемства сустрэўся кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі біскупаў Італіі. У працы сустрэчы прыняў удзел таксама арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі, старшыня CCEE. У набажэнствах прымалі ўдзел, між іншым, біскуп Нуну Брас да Сілва Марцінс, віцэ-старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), і сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі ксёндз Лусіа Руіс.
Наступная такая штогадовая сустрэча адбудзецца з 5 па 7 мая 2027 года ў Сафіі.