Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Святарскае пасвячэнне, сустрэча касцёльных рухаў і супольнасцяў, рэліквіі святога Мікалая – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Беларусі – два новых святары. 2 мая 2026 года ў катэдральным касцёле ў Віцебску адбылася важная падзея для мясцовага Касцёла. Два дыяканы – Антон Тышко з Глыбокага і Андрэй Януль з Пагошчы – прынялі сакрамант прэзбітэрскага пасвячэння. Урачыстае набажэнства ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Маладыя людзі летась скончылі духоўную семінарыю ў Гродне, пасвячэнне ў дыяканы адбылося ў мінулым маі ў Глыбокім. Ад таго часу абодва неслі служэнне ў парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

У Будславе праходзіць Агульнабеларуская сустрэча касцёльных рухаў і супольнасцяў. 2 мая 2026 года з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў Нацыянальным санктуарыі сабраліся прадстаўнікі розных рэлігійных рухаў і супольнасцяў Беларусі. Таксама ў Будславе і іншых парафіях архідыяцэзіі праходзіць восьмы дзень Агульнабеларускай навэнны "Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!"

У Магілёве ўрачыста прывіталі рэліквіі і абраз святога Мікалая. 25 красавіка 2026 года ў мясцовым катэдральным касцёле ўрачыста адзначылі прыбыццё рэліквій і абраза святога Мікалая, створанага заслужаным мастаком Беларусі Мікалаем Кузьмічом. Урачыстасць сабрала людзей розных веравызнанняў, узначаліў святую Імшу Генеральны вікарый Мінска Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Рэліквіі і абраз святога Мікалая будуць знаходзіцца ў магілёўскай катэдры на працягу аднаго года.

У Навагрудку прайшоў Кангрэс вядучых руху "Сужэнскія сустрэчы". З 24 па 26 красавіка 2026 года V Кангрэс вядучых гэтага руху сабраў 7 духоўных асобаў і 14 сужэнскіх пар з трох дыяцэзій, а таксама прадстаўнікоў руху ў Праваслаўнай царкве. На працягу трох дзён удзельнікі рэкалекцый паглыблялі сваю духоўнасць і харызмат, разважалі пра магчымасці развіцця місіі руху. Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Ён падкрэсліў, што дзейнасць руху – гэта канкрэтны адказ Касцёла на выклікі часу, і канчатковым бенефецыярам дзейнасці руху з'яўляецца ўсё грамадства.

Айцы піяры праводзяць малітоўную акцыю па духоўным усынаўленні выпускнікоў. Акцыя пачалася 1 мая 2026 года і працягнецца да 5 чэрвеня. Сутнасць акцыі – малітоўная падтрымка тых, хто сёлета здае выпускныя экзамены і тэсты. Далучыцца да акцыі запрашаюцца ў першую чаргу настаўнікі і бацькі выпускнікоў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.

02 мая 2026, 07:57