Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Новыя святары, дапамога дзецям, юбілеі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Гродзенскай дыяцэзіі – шэсць новых святароў. 23 мая 2026 года дыяканы Марцін Лудзіч, Яраслаў Казлоўскі, Максім Ваўчок, Дзмітрый Роўны, Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, якое ім удзяліў у катэдральным касцёле біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Напярэдадні пасвячэння для дыяканаў правёў рэкалекцыі ксёндз Андрэй Лысы, каб дапамагчы кандыдатам да святарства ў цішыні, малітве і разважаннях падрыхтавацца да адказнага служэння Богу і людзям.

У Жодзіне адзначылі 95-годдзе найстарэйшага святара архідыяцэзіі. 14 мая 2026 года, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у санктуарыі Маці Божай Фацімскай сабраліся вернікі, каб падзякаваць Богу за жыццё і шматгадовае служэнне айца Юзафа Пятушкі, які адзначаў сваё 95-годдзе. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пасля Імшы прысутныя павіншавалі юбіляра, жыццё якога з'яўляецца сведчаннем таго, што вера не ведае ўзросту, а сэрца, поўнае любові, заўсёды маладое.

У Тракелях прайшло пахаванне ксяндза Яна Сарэлы. 18 мая 2026 года ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў развіталіся са святаром, для якога гэтая парафія родная. На пахавальнай Імшы сабралася вялікая колькасць духавенства, у тым ліку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, біскупы, студэнты гродзенскай семінарыі, духоўным айцом якой быў ксёндз Ян Сарэла. Рэктар семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прамовіў гамілію, у якой адзначыў, што спачылы быў руплівым, адданым і ахвярным святаром, вельмі клапаціўся аб тым, каб семінарыстам забяспечвалася добрая фармацыя.

Валанцёры "Caritas" падарылі свята дзецям у Магілёве і Расне. 17 мая 2026 года валанцёры гэтай дабрачыннай місіі архікатэдральнага касцёла ў Мінску правялі асаблівыя сустрэчы з выхаванцамі дома дзіцяці ў Магілёве і школы-інтэрната ў Расне. У Магілёўскі спецыялізаваны дом дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы валанцёры перадалі сродкі гігіены і новы дзіцячы манеж. У абедзвюх сацыяльных установах для выхаванцаў зладзілі гульні і забавы.

Асацыяцыя салезіянаў-супрацоўнікаў адзначыла ў Смаргоні сваё 150-годдзе. 15-16 мая 2026 года прайшлі святкаванні юбілею гэтай супольнасці – свецкіх вернікаў, якія ў духу заснавальніка, святога Яна Боска нясуць салезіянскую харызму ў сем’і, моладзевае асяроддзе, працу, штодзённае жыццё. Святкаванні сталі нагодай узгадаць гісторыю асацыяцыі, падзякаваць Богу за салезіянаў-супрацоўнікаў. Святую Імшу цэлебраваў Генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, які ў сваёй гаміліі падкрэсліў асаблівую місію салезіянаў-супрацоўнікаў у свеце.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

23 мая 2026, 12:10