Падчас Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Архіўнае фота Падчас Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Архіўнае фота  (ANSA)

У Ватыкане абмяркуюць будучыню Касцёла ў Італіі

У Ватыкане пройдзе 82-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі, прысвечаная рэалізацыі сінадальнага шляху і вызначэнню прыярытэтаў касцельнага жыцця на бліжэйшыя гады.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 25 па 28 мая 2026 года Сінадальная Зала стане пляцоўкай для працы італьянскага епіскапату. Форум адкрыецца выступленнем старшыні епіскапату кардынала Матэа Дзупі, а выніковую кропку ў працы асамблеі паставіць Папа Леў XIV.

Галоўная задача сустрэчы – асэнсаваць вынікі пройдзенага шляху і акрэсліць канкрэтныя крокі для жыцця Касцёла ў Італіі.

Цэнтральнай тэмай абмеркаванняў стануць “Кіруючыя прынцыпы для шляху Касцёлаў у Італіі”. Гэты дакумент закліканы дапамагчы іерархам прыняць плён сінадальнага працэсу, які быў зафіксаваны ў адпаведнай “Падагульняючай справаздачы”. Біскупы засяродзяцца на тых аспектах, дзе неабходна еднасць і супольнае бачанне, зыходзячы з разумення, што вера сёння ўжо не ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае, а грамадства ўсё радзей звяртаецца да Евангелля.

Акрамя стратэгічных душпастырскіх пытанняў, асамблея прадугледжвае шэраг арганізацыйных рашэнняў.

Удзельнікі выберуць віцэ-старшыню ад паўночнага рэгіёна краіны, прызначаць кіраўнікоў касцельных камісій і чальцоў Рады па эканамічных пытаннях. Таксама на парадку дня значыцца падрыхтоўка да Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які пройдзе ў 2027 годзе.

Важным момантам форуму стане святая Імша ў Базіліцы Святога Пятра, якую ўзначаліць прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў арцыбіскуп Філіпа Янонэ.
 

22 мая 2026, 12:10