Католікі В'етнама чакаюць Льва XIV у сябе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Галоўныя ўрачыстасці з нагоды гадавіны абрання Наступніка Пятра прайшлі ў Ханоі. У мясцовай катэдры Святога Юзафа вернікі і іерархі сабраліся, каб маліцца за місію Папы, а таксама за мір і еднасць ва ўсім свеце.
Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Марэк Залеўскі, пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў В'етнаме. Сярод канцэлебрантаў былі кардынал П'ер Нгуен Ван Нён, чальцы Пастаяннай рады епіскапату, а таксама шматлікія святары і манахі.
Старшыня епіскапату В'етнама арцыбіскуп Джозэф Нгуен Нанг перад пачаткам літургіі нагадаў пра сутнасць папскага служэння. Ён падкрэсліў, што місія Пантыфіка заключаецца ва ўмацаванні веры і садзейнічанні міру, абапіраючыся на сілу Евангелля. Звяртаючыся да спадчыны Паўла VI, іерарх адзначыў, што хрысціяне прысутнічаюць у свеце не дзеля ўлады, а для пакорнага служэння чалавецтву.
Прадстаўнік Папы арцыбіскуп Марэк Залеўскі звярнуў увагу на душпастырскі стыль Льва XIV, які грунтуецца на слуханні і блізкасці да людзей. У сваю чаргу біскуп Джозэф До Куанг Кханг падчас гаміліі адкрыў важную дэталь: падчас сустрэчы ў Ватыкане Леў XIV сам выказаў жаданне наведаць В'етнам.
Сёння ў краіне налічваецца больш за 7 мільёнаў католікаў, якія з нецярпеннем чакаюць прыезду Святога Айца.