Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пілігрымкі ў Будслаў, юбілей шанштацкіх сясцёр, новая кніга – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Першыя пілігрымкі выйшлі ў Будслаў. 25 чэрвеня 2026 года ў Нацыянальны санктуарый стартавалі пешыя паломніцтвы з Баранавічаў і Ліды. Удзельнікі будуць ісці 9 дзён і прыбудуць да абраза Божай Маці 3 ліпеня – да пачатку фэсту ў Будславе. Пілігрымаў у Баранавічах благаславіў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Яны пройдуць найбольшую адлегласць – амаль 300 кіламетраў. Таксама ў шлях ужо адправіліся пілігрымкі з Віцебска і Росіцы. Неўзабаве ў Будслаў выйдуць пілігрымы з Мінска, Нарачы, Смаргоні і іншых месцаў. Летась у складзе звыш 20 пешых і роварных пілігрымак на фэст Маці Божай Будслаўскай прыбылі амаль 2,5 тыс. пілігрымаў.

Шанштацкія сёстры адзначаюць 100-годдзе прысутнасці ў Беларусі. 27 чэрвеня 2026 года ў гродзенскай катэдральнай базыліцы праходзіць святкаванне юбілею служэння Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. З гэтай нагоды напярэдадні свята Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваў шанштацкім сёстрам словы віншаванняў. Ён адзначыў, што сёстры дапамагаюць ствараць хрысціянскія сем'і, выхоўваць моладзь у духу Евангелля і адкрываць для кожнага чалавека каштоўнасць Божай міласэрнасці.

На Гродзеншчыне адбылася Імша ля муроў былога касцёла. 24 чэрвеня 2026 года, ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, каля муроў разбуранай святыні ў вёсцы Грынявічы цэлебравалася Эўхарыстыя. На працягу многіх гадоў гэтая святыня насіла тытул Яна Хрысціцеля. На набажэнства сабраліся вернікі з парафіі святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску і з іншых мясцін. Тэрыторыю падрыхтавалі і ўпрыгожылі да ўрачыстасці паводле мясцовай традыцыі – з выкарыстаннем палявых і лекавых траў.

Мінскі тэалагічны каледж скончыў чарговы навучальны год і абвясціў новы набор. Сёлета ва ўстанове дыпломы і сертыфікаты атрымалі 28 выпускнікоў. Урачыстае завяршэнне навучальнага году ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылося 20 чэрвеня 2026 года. Прывітанне да ўдзельнікаў даслаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. З новага навучальнага году адбудуцца змены: каледж пераходзіць да чатырохгадовага навучання. Акрамя таго, паслядыпломная адукацыя больш не будзе прапаноўвацца, бо ўсе дысцыпліны ўключаць у агульны план.

Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі прадставіла новую кнігу. Гэта духоўна-асветніцкае выданне "Шукай міру і імкніся да яго" французскага святара Жака Філіпа ў перакладзе на рускую мову. Змест кнігі складаецца з некалькіх частак, якія разглядаюць унутраны мір як шлях да святасці, а таксама прапануюць разважанні і парады наконт таго, як рэагаваць на тое, што пазбаўляе чалавека супакою. Кнігі айца Жака Філіпа перакладзены на 18 моў і ўбачылі свет агульным накладам 400 тысяч экземпляраў. Беларускаму чытачу аўтар вядомы па раней выдадзенай кнізе "У школе Святога Духа".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

27 чэрвеня 2026, 08:06