Падрыхтоўку да візіту Папы на Лампедузе Падрыхтоўку да візіту Папы на Лампедузе  (ANSA)

Арцыбіскуп: візіт Папы – знак блізкасці Касцёла да Лампедузы

Візіт Льва XIV на Лампедузу стане канкрэтным выразам блізкасці Касцёла да гэтага вострава, яго грамадства і мігрантаў, перакананы арцыбіскуп Агрыджэнта Алесандра Даміяна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец наведае Лампедузу 4 ліпеня 2026 года. “Духоўны маршрут” ён пачне з вельмі асабістага моманту – малітвы на могілках, дзе пахаваны мігранты, якія загінулі ў моры. Затым Пантыфік сустрэнецца з мігрантамі і жыхарамі вострава, а завершыць пілігрымку святой Імшой з мясцовай каталіцкай супольнасцю.

Арцыбіскуп Даміяна заўважыў, што жыхары Лампедузы ўсё яшчэ памятаюць гістарычны візіт Папы Францішка, які адбыўся ў 2013 годзе. Прыезд Льва XIV ён назваў працягам лініі ўвагі да мігрантаў і чалавечай трагедыі ў Міжземным моры. Іерарх адзначыў таксама, што Папа прыбывае на востраў пасля нядаўняга візіту ў іншую “гарачую кропку” міграцыі – на Канарскія астравы і наведвання Сант-Анджэла-Ладыджана, радзімы святой Франчэскі Кабрыні, апякункі мігрантаў.

Пастыр Лампедузы адзначыў, што сітуацыя з міграцыяй у цэлым за гэтыя гады істотна не палепшылася. Людзі працягваюць прыбываць морам, часта пасля вельмі небяспечных падарожжаў. Змянілася толькі тое, як адбываецца выратаванне і прыём мігрантаў: раней мясцовыя жыхары часцей асабіста дапамагалі – давалі адзенне, ежу, ваду, магчымасць памыцца і аднавіцца пасля цяжкага пераплыву.

Арцыбіскуп Даміяна падкрэсліў, што цяпер дапамога ў большай ступені кантралюецца дзяржаўнымі службамі – берагавой аховай і фінансавай гвардыяй. Ён адзначае, што працэс стаў больш фармалізаваным і нават «ваенізаваным», і гэта паменшыла непасрэдную чалавечую блізкасць паміж мясцовымі жыхарамі і мігрантамі.

Асаблівую ролю ў гэтым кантэксце, паводле слоў іерарха, працягваюць адыгрываць Касцёл і валанцёры. Яны спрабуюць захаваць чалавечнасць у сітуацыі, якая часта выглядае халоднай і адміністрацыйнай. Нават простыя жэсты – даць шклянку вады або кубак гарачай гарбаты – маюць вялікае значэнне, бо галоўнае – гэта проста паглядзець чалавеку ў вочы і прызнаць яго годнасць, заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп крытычна выказаўся пра ідэю прымусовага вяртання мігрантаў у краіны іх паходжання. Ён лічыць, што такая пазіцыя супярэчыць Евангеллю, бо хрысціянскае вучэнне заклікае да прыняцця чужынца. На яго думку, сучасны палітычны падыход у Еўропе, часта арыентаваны галоўным чынам на бяспеку і кантроль, рызыкуе страціць чалавечае вымярэнне і пачуццё годнасці кожнага чалавека.
 

03 ліпеня 2026, 11:31