Пантыфік: вайна – катастрофа для народаў і параза для чалавецтва
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Дарагія браты і сёстры! Вось ужо тры гады плач болю і бразгат зброі пазбавілі народ М'янмы яго характэрнай рысы: усмешкі. Таму я далучаюся да закліку некаторых бірманскіх біскупаў: хай зброя разбурэння ператварыцца ў прыладу для росту чалавечнасці і справядлівасці. Мір – гэта падарожжа, і я заклікаю ўсе ўцягнутыя бакі да дыялогу і разумення, каб зямля М'янмы дасягнула мэты братэрскага прымірэння. Няхай будзе дазволены транзіт гуманітарнай дапамогі, каб забяспечыць неабходным кожнага чалавека,” - заклікаў Францішак.
“Няхай тое ж самае адбудзецца і на Блізкім Усходзе, у Палесціне і Ізраілі, і ўсюды, дзе ідуць баі: паважайце насельніцтва! Я працягваю думаць аб усіх ахвярах вайны ва Украіне, асабліва аб мірных жыхарах. Калі ласка, хай будзе пачуты заклік аб міры, вокліч людзей, якія стаміліся ад гвалту і жадаюць, каб спынілася вайна, якая з'яўляецца катастрофай для народаў і паразай для чалавецтва!” - сказаў Францішак.
Палёгка ў сувязі з вызваленнем законніц на Гаіці
“Я з палёгкай даведаўся аб вызваленні манахінь і іншых людзей, якія былі выкрадзеныя на Гаіці на мінулым тыдні. Заклікаю вызваліць усіх, хто яшчэ захоплены, і спыніць усе формы гвалту. Няхай кожны ўносіць свой уклад у мірнае развіццё краіны, для якога неабходна абнавіць падтрымку міжнароднай супольнасці”, - сказаў Папа.
Блізкасць да пацярпелых ад нападу ў Турцыі
Пантыфік выказаў сваю блізкасць да супольнасці касцёла святой Марыі Драперыс у Стамбуле, якая падчас Імшы падверглася ўзброенаму нападу, у выніку якога загінуў адзін чалавек, некалькі чалавек атрымалі раненні.
Салідарнасць з хворымі на лепру
Святы Айцец нагадаў пра Сусветны дзень хворых на лепру, які адзначаецца 28 студзеня 2024 года, і выказаў сваю падтрымку “тым, хто займаецца выратаваннем і сацыяльнай рэінтэграцыяй людзей, якія пацярпелі ад гэтага захворвання, якое, нягледзячы на спад, па-ранейшаму застаецца адной з самых страшных хвароб і закранае самых бедных і маргіналізаваных”.
Дзіцячы заклік да міру
Напрыканцы нядзельнай малітвы Святы Айцец перадаў слова прадстаўнікам дзіцячай Каталіцкай акцыі Рыма, якія стаялі побач з ім ля акна Апостальскага палаца. "Дзякуй за вашу прысутнасць! І дзякуй за вашыя намаганні па стварэнні лепшага грамадства", - сказаў Пантыфік, запрашаючы вернікаў паслухаць дзіцячы заклік да міру.
Адна з удзельніц ініцыятывы Караван міру зачытала ліст аб імкненні каталіцкай моладзі да міру ў свеце. “У нашы дні цяжка думаць пра мір, многія войны ідуць побач з намі. Здаецца, што нікому няма справы да міру. Аднак мы імкнемся быць на баку міру, спрабуем, як можам, тушыць агонь нянавісці і гвалту,” – гаворыцца ў звароце дзяцей да Францішка.