Леў XIV цэлебраваў Эўхарыстыю каля магілы святога Пятра
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле паведамлення Залы Друку Святога Пасада, раніцай 11 мая 2025 года Святы Айцец Леў XIV наведаў Ватыканскія гроты, дзе цэлебраваў Эўхарыстыю каля алтара, размешчанага побач з магілай святога Пятра. У цэлебрацыі разам з Пантыфікам удзельнічаў генеральны прыёр Ордэна Святога Аўгустына айцец Алехандра Мараль Антон.
Пасля Эўхарыстыі Папа затрымаўся ў малітве на магілах сваіх папярэднікаў, аддаючы даніну павагі тым, хто ўзначальваў Каталіцкі Касцёл да яго.
Акрамя таго, Пантыфік памаліўся перад “Нішай Паліумаў”, якая знаходзіцца на месцы капліцы, узведзенай яшчэ ў II стагоддзі над магілай святога Пятра. Менавіта тут на працягу стагоддзяў захоўваецца жывая сувязь з апостальскімі часамі, што робіць гэтае месца асабліва значным для касцельнай традыцыі.
Ватыканскія гроты – гэта падземнае памяшканне пад базілікай святога Пятра, дзе знаходзяцца магілы многіх Пантыфікаў, у тым ліку Бэнэдыкта XVI.
