Удзельнікі малітвы за ахвяр страляніны ў Мінеапалісе Удзельнікі малітвы за ахвяр страляніны ў Мінеапалісе  (Tim Evans)

Леў XIV выказаў спачуванні ў сувязі са стралянінай у школе ў ЗША

Святы Айцец моліцца за ахвяр страляніны ў каталіцкай школе ў Мінеапалісе і запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці ўсіх, каго закранула гэта трагедыя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Яго Святасць Папа Леў XIV з глыбокім смуткам прыняў навіну пра гібель і раненні людзей у выніку страляніны ў касцёле Звеставання ў Мінеапалісе. Яго Святасць выказвае свае шчырыя спачуванні і запэўнівае ў духоўнай блізкасці ўсіх, каго закранула гэта жудасная трагедыя, асабліва сем’ям, якія сёння аплакваюць смерць дзіцяці”, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, скіраванай на імя арцыбіскупа Сэнт-Пола і Мінеапаліса Бернарда Энтані Гэбда.

“Даручаючы душы загінулых дзяцей любові Усемагутнага Бога, Святы Айцец моліцца за параненых, а таксама за супрацоўнікаў ратавальных службаў, медыцынскі персанал і святароў, якія клапоцяцца пра пацярпелых і іх блізкіх”, - напісаў Дзяржсакратар.

Трагедыя ў Мінеапалісе здарылася раніцай 27 жніўня. Узброены мужчына пранік на тэрыторыю комплексу каталіцкай школы і адкрыў агонь па ўдзельніках святой Імшы, якая праходзіла ў мясцовым касцёле. У выніку нападу загінулі двое дзяцей, 17 чалавек атрымалі раненні, з іх 14 – дзеці.
 

28 жніўня 2025, 09:17