Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV благаславіў удзельнікаў Кангрэса экзарцыстаў

Каля 300 святароў-экзарцыстаў з усіх кантынентаў сабраліся ў Сакрафана каля Рыма для абмеркавання пытанняў, звязаных з іх спецыфічным служэннем.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 15 па 20 верасня 2025 года ў духоўным цэнтры "Fraterna Domus" у Сакрафана каля Рыма адбыўся XV Кангрэс Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў (МАЭ). Мерапрыемства, якое праводзіцца кожныя два гады, чаргуючыся з нацыянальнымі кангрэсамі, сабрала каля 300 удзельнікаў – святароў-экзарцыстаў з усіх кантынентаў і іх памочнікаў.

На адкрыцці кангрэса айцец Франчэска Бамонтэ, віцэ-старшыня Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў і мадэратар сустрэчы, зачытаў віншавальнае пасланне з апостальскім благаслаўленнем, адрасаванае Папам Львом XIV арганізатарам, дакладчыкам і ўсім удзельнікам.

Святы Айцец выказаў удзячнасць святарам, якія прысвячаюць сябе "далікатнаму і вельмі неабходнаму служэнню экзарцыста" і заахвоціў іх "ажыццяўляць яго як служэнне вызвалення і суцяшэння, суправаджаючы вернікаў, апанаваных злым духам, малітвай і заклікам дзейснай прысутнасці Хрыста, каб праз сакраментальны экзарцызм Пан даў перамогу над сатаной".

Падчас пяцідзённага Кангрэса былі праведзены шматлікія пленарныя пасяджэнні і семінары. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі абмеркаванню новых выклікаў, з якімі сутыкаюцца экзарцысты ў сучасным свеце, метадам распазнавання апанаванасці злым духам і адрозненню яе ад псіхічных захворванняў.
 

23 верасня 2025, 14:45