Леў XIV: еўрапейскай палітыцы патрэбна здаровая свецкасць

Прасоўванне дыялогу паміж культурамі і рэлігіямі – гэта важная мэта для палітыка, натхнёнага хрысціянствам, і, дзякуй Богу, не бракуе людзей, якія далі добры прыклад у гэтым кірунку, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

29 верасня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Працоўнай групы па міжкультурным і міжрэлігійным дыялогу (Working Group on Intercultural and Interreligious Dialogue), створанай у межах Еўрапейскага парламента.

Па словах Святога Айца, “быць людзьмі дыялогу – значыць заставацца ўкаранёнымі ў Евангеллі і ў каштоўнасцях, што з яго вынікаюць, і адначасова развіваць адкрытасць, слуханне, гатоўнасць да дыскусіі з тымі, хто мае іншыя натхненні, заўсёды ставячы ў цэнтр чалавечую асобу, яе годнасць, яе здольнасць да адносін і жыцця ў супольнасці”.

“Праца на карысць міжрэлігійнага дыялогу сама па сабе прадугледжвае прызнанне таго, што рэлігія з’яўляецца каштоўнасцю як на асабістым, так і на грамадскім узроўні. Само слова “рэлігія” змяшчае спасылку на сувязь як першасны элемент чалавечнасці. Таму рэлігійнае вымярэнне, калі яно сапраўднае і добра развітае, надае якасць міжасабовым адносінам і вельмі дапамагае падрыхтоўваць людзей да жыцця ў супольнасці і грамадстве. А як важна сёння надаваць каштоўнасць і сэнс чалавечым адносінам!”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Еўрапейскім установам патрэбныя людзі, якія ўмеюць жыць здаровай свецкасцю, гэта значыць такім стылем мыслення і дзеяння, які пацвярджае каштоўнасць рэлігіі, захоўваючы пры гэтым адрозненне, а не раздзяленне і не змешванне – у адносінах да палітычнай сферы. І тут больш за словы красамоўным з’яўляецца прыклад Роберта Шумана, Конрада Адэнаўэра і Альчыдэ дэ Гасперы”, - адзначыў Леў XIV. Ён падзякаваў сваім гасцям за візіт і пажадаў, каб іх ініцыятыва прынесла найлепшыя плёны.
 

29 верасня 2025, 14:05