Пантыфік: катэхеты сеюць Слова жыцця ў сэрцах людзей
Марыя Валодзіна - Vatican News
Каментуючы евангельскую прыпавесць пра багацея і Лазара (Лк 16:19-31), Папа адзначыў, што словы Езуса адкрываюць нам, як Бог глядзіць на свет ва ўсе часы і ў любым месцы. У прыпавесці мы бачым беднага, забытага людзьмі чалавека, але Бог побач з ім і памятае яго імя. З іншага боку, багаты чалавек – безназоўны, таму што страціў сябе, забываючы аб блізкім. Ён жыве ў раскошы, поўны рэчаў, але яго маёмасць не робіць яго добрым, - нагадаў Пантыфік.
Гэтая гісторыя застаецца, на жаль, вельмі актуальнай, - папярэдзіў Леў XIV. Сёння побач з дастаткам – пакуты цэлых народаў, ахопленых вайной і эксплуатацыяй. Аднак Евангелле запэўнівае, што пакуты Лазара маюць канец. Пакуты беднага чалавека сканчаюцца гэтак жа, як і самазадаволенасць багатага, і Бог аддае належнае ім абодвум: “памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны” (Лк 16:22).
Па выключным супадзенні менавіта гэты ж евангельскі ўрывак гучаў і падчас Юбілею катэхетаў у Святы год міласэрнасці (гамілія, 25 верасня 2016 г). Звяртаючыся тады да пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з гэтай нагоды, Папа Францішак падкрэсліў, што Бог пазбаўляе свет ад усяго зла, аддаючы сваё жыццё дзеля нашага збаўлення. Ён – сэрца нашай веры, цэнтр, вакол якога ўсё круціцца. Любоў да Яго адкрывае сэрца на Бога і бліжняга, - адзначыў Леў XIV.
У гэтым плане, катэхеты – сведкі гэтай любові. Назва паслугі паходзіць ад грэчаскага дзеяслова katēchein, што азначае “інструктаваць уголас, рэзанаваць”. Гэта азначае, што катэхет – гэта чалавек слова, слова, якое Ён прамаўляе сваім жыццём. Таму першымі катэхетамі з'яўляюцца нашы бацькі, тыя, хто першым загаварыў з намі і навучыў нас гаварыць. Як вывучэнне роднай мовы, так і абвяшчэнне веры не можа быць дэлегавана іншым, але пачынаецца ў сям’і, - сказаў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што вера перадаецца праз сведчанне тых, хто верыў да нас. Кожны чалавек у розныя перыяды жыцця, ад дзяцінства да пажылога ўзросту, суправаджаецца ў духоўным шляху катэхетамі. Гэтая дынаміка закранае ўвесь Касцёл, а катэхізіс выступае як агульны арыенцір, "інструмент падарожжа", які аб’ядноўвае вернікаў і абараняе ад індывідуалізму і рознагалоссяў, таму што сведчыць пра веру ўсяго Каталіцкага Касцёла.
Катэхеты пакідаюць у душы людзей унутраны след: не проста вучаць, а сеюць у сэрцах Слова Жыцця, каб яно прынесла добры плён. Святы Аўгустын раіў: тлумач усё так, каб слухач верыў, верачы - спадзяваўся, а спадзяючыся – любіў, - працытаваў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў катэхетам, што ніхто не можа даць таго, чаго не мае. Калі б евангельскі багацей меў любоў, ён дапамог бы і Лазару, і сабе. Калі б гэты безназоўны чалавек меў веру, Бог выратаваў бы яго ад усіх пакут, але прывязанасць да мірскіх багаццяў пазбавіла яго надзеі на сапраўднае і вечнае дабро. Сённяшнія лазары нагадваюць нам пра словы Езуса, становячыся для нас жывой катэхезай, якая ў гэты Юбілей заклікае да навяртання і прабачэння, справядлівасці і шчырага імкнення да міру.
Напрыканцы набажэнства Папа ўстанавіў на паслугу катэхета 39 чалавек з розных краін свету. Кожны з іх атрымаў крыж як сімвал свайго паклікання.
