Папа: няма такой цемры, якой не дасягнула б святло збаўлення
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У сваёй катэхезе Леў XIV працягнуў разважанне над таямніцай Вялікай суботы – днём “калі ўсё здаецца нерухомым і маўклівым, але на самай справе здзяйсняецца нябачны акт збаўлення: Хрыстус сыходзіць у валадарства пекла, каб абвясціць уваскрасенне ўсім, хто прабываў у цемры і ў ценю смерці”.
Пантыфік заўважыў, што гэта падзея, “пераказаная нам літургіяй і традыцыяй”, з’яўляецца “самым глыбокім і радыкальным жэстам любові Бога да чалавецтва”. “Бо недастаткова сказаць ці паверыць, што Езус памёр за нас: трэба ўсвядоміць, што вернасць Яго любові хацела знайсці нас там, дзе мы самі згубіліся, там, куды можа пранікнуць толькі святло, здольнае перамагчы панаванне цемры”, - сказаў ён.
Папа нагадаў, што ў біблійнай традыцыі “пекла” – гэта “не столькі месца, колькі стан існавання: стан, у якім жыццё не мае сілы, дзе пануюць боль, самота, віна і адарванасць ад Бога і людзей”. “Хрыстус дасягае нават гэтай бездані, пераступаючы брамы валадарства цемры. Ён уваходзіць, так бы мовіць, у само жытло смерці, каб спустошыць яго, вызваліць яго жыхароў, узяўшы іх за руку аднаго за адным. Гэта пакора Бога, які не спыняецца перад нашым грахом і не баіцца крайняй чалавечай адкінутасці”, - падкрэсліў Леў XIV.
Святы Айцец спаслаўся на словы з Першага паслання святога Пятра пра тое, што Езус пайшоў абвяшчаць збаўленне “тым духам, што ў вязніцы”. Ён заўважыў, што гэтыя вобраз атрымаў развіццё ў апакрыфічным Евангеллі паводле Нікадэма, згодна з якім “Божы Сын увайшоў у самую непраглядную цемру, каб дасягнуць нават апошняга з братоў і сясцёр і прынесці туды святло”. “У гэтым жэсце ўся сіла і пяшчота пасхальнага паслання: смерць ніколі не з’яўляецца апошнім словам”, - дадаў Папа.
“Дарагія, сыходжанне Хрыста датычыць не толькі мінулага, але закранае жыццё кожнага з нас. Пекла – гэта не толькі стан памерлых, але і тых, хто жыве ў смерці праз зло і грэх. Гэта таксама пекла штодзённай самотнасці, сораму, пакінутасці, цяжару жыцця. Хрыстус уваходзіць ва ўсе гэтыя цёмныя рэальнасці, каб абвясціць нам любоў Айца. Не каб асудзіць, а каб вызваліць. Не каб абвінаваціць, а каб збавіць. Ён робіць гэта ціха, без шуму, як той, хто ўваходзіць у палату хворага, каб прынесці суцяшэнне і дапамогу”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што на ўсходніх іконах Уваскрасення паказваецца як Хрыстус разбівае брамы пекла і, працягваючы рукі, трымае за запясці Адама і Еву. “Ён збаўленне не толькі сябе, не вяртаецца да жыцця адзін, але вядзе з сабой усё чалавецтва. Вось сапраўдная слава Ўваскрослага: гэта моц любові, гэта салідарнасць Бога, які не хоча збавіцца без нас, а толькі з намі. Бога, які не ўваскрасае, не абняўшы нашых бедаў і не падняўшы нас да новага жыцця”, - сцвердзіў Папа.
Па словах Льва XIV, Вялікая субота – гэта “дзень, калі неба найглыбейшым чынам наведвае зямлю”. “Гэта час, калі святло Пасхі дакранаецца кожнага кутка чалавечай гісторыі. І калі Хрыстус змог сысці нават туды, няма нічога, што магло б быць выключана з Яго збаўлення: ні нашы ночы, ні нашы даўнія віны, ні нашы разарваныя сувязі. Няма мінулага настолькі зруйнаванага, няма гісторыі настолькі сапсаванай, каб яе не магла дакрануцца Божая міласэрнасці”, - дадаў Святы Айцец.
“Дарагія браты і сёстры, сыходжанне для Бога – гэта не паражэнне, але спаўненне Яго любові. Гэта не няўдача, але шлях, праз які Ён паказвае, што няма месца занадта далёкага, няма сэрца занадта закрытага, няма магілы занадта зачыненай для Яго любові. Гэта нас суцяшае, гэта нас падтрымлівае. І калі часам здаецца, што мы дасягнулі дна, давайце памятаць: менавіта там Бог здольны пачаць новае стварэнне. Стварэнне з узнятых людзей, прабачаных сэрцаў, высушаных слёз. Вялікая Субота – гэта ціхія абдымкі, з якімі Хрыстус паказвае ўсё стварэнне Айцу, каб вярнуць гэта стварэнне ў Яго план збаўлення”, - сцвердзіў на заканчэнне катэхезы Леў XIV.
