XIV пленарная сесія Міжрэгіянальнай асамблеі Біскупаў паўднёвай Афрыкі (IMBISA) XIV пленарная сесія Міжрэгіянальнай асамблеі Біскупаў паўднёвай Афрыкі (IMBISA) 

Папа пажадаў афрыканскім біскупам плённага сінадальнага шляху

Хай сінадальнае падарожжа Касцёлаў паўднёвай Афрыкі атрымлівае пастаяннае духоўнае падмацаванне ад міласэрнага Сэрца Езуса, - пажадаў Леў XIV удзельнікам асамблеі біскупаў гэтага рэгіёна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец даслаў ліст з нагоды XIV пленарнай сесіі Міжрэгіянальнай асамблеі Біскупаў паўднёвай Афрыкі (IMBISA) і 50-годдзя заснавання гэтай арганізацыі. Яго падпісаў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, субстытут Дзяржсакратарыята па агульных справах, а зачытаў падчас урачыстага пленарнага пасяджэння апостальскі нунцый у Эсваціні Генрык Мечыслаў Ягадзінскі.

У сваім пасланні Пантыфік выказаў сардэчную падзяку за каштоўнае служэнне, якое асамблея аказала хрысціянскім супольнасцям рэгіёну на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў. Ён упэўнены, што праца гэтай міжрэгіянальнай установы будзе спрыяць актыўнаму ўдзелу народа Божага ў евангелізацыйнай місіі Касцёла. Папа моліцца, каб сінадальны шлях Касцёлаў паўднёвай Афрыкі атрымліваў пастаянную падтрымку міласэрнага Сэрца Езуса.

Леў XIV даслаў сваё апостальскае благаслаўленне як знак міру і любові ў Пане ўсім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам рэгіёна, а таксама ўсім прысутным на святкаванні юбілейнай асамблеі ў Эсваціні.

26 верасня 2025, 13:07