Папа і прэзідэнт Германіі: дыялог аб міры і справядлівасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Леў XIV сустрэўся 22 верасня 2025 года з прэзідэнтам Германіі Франкам Вальтэрам Штайнмаерам, якому спадарожнічала жонка Эльке. Былі закрануты пытанні сусветнай сітуацыі, вайны і міру, а таксама становішча хрысціян у свеце.
"Для мяне і маёй жонкі вялікі гонар быць прынятымі Папам Львом XIV на прыватнай аўдыенцыі," - падзяліўся прэзідэнт Штайнмаер на прэс-канферэнцыі, якая адбылася на Тэўтонскіх могілках у Ватыкане пасля сустрэчы.
Паводле нямецкага прэзідэнта, які з'яўляецца пратэстантам, размовы датычылі асабліва вайны ва Украіне, пакут украінскага народа і неабходнасці дасягнення перамір'я і справядлівага міру. Была таксама закранута тэма гуманітарнай сітуацыі ў Газе. Жонка прэзідэнта, Эльке Штайнмаер, з'яўляецца каталічкай.
Палітык з сацыял-дэмакратычнай партыі падкрэсліў важнасць голасу Папы ў міжнародных канфліктах як фактару дыялогу і пасрэдніцтва. "Я горача заахвочваў Яго працягваць адыгрываць гэтую ролю," - адзначыў Штайнмаер.
Нямецкі лідар запрасіў Льва XIV наведаць Германію. У падарунак ад Папы ён атрымаў барэльеф са срэбра і эмалі, які прадстаўляе "Майсея, выратаванага з вады". Гэты твор быў натхнёны фрэскай Рафаэля, якая знаходзіцца ў другой лоджыі Апостальскага палаца.
Штайнмаер, у сваю чаргу, падарыў Пантыфіку копію партытуры "Das wohltemperierte Klavier" – зборніка прэлюдый і фуг Ёгана Себасцьяна Баха.
Акрамя музычнага падарунка, прэзідэнт Германіі перадаў Папу віны, якія паходзяць з вінаградніка бенедыктынскага кляштара святой Хільдэгарды з Бінгена ў Эйбінген-Рудэсхайме ў Гесэне.
Гэта вельмі старая кляштарная вінакурня, якой сёння кіруюць сёстры-бенедыктынкі. Яны вырабляюць віны высокай якасці, натхнёныя тысячагадовай традыцыяй, звязанай са святой Хільдэгардай з Бінгена – выбітнай містычкай і глыбокай знаўцай прыроднай медыцыны сярэднявечча.
