Святы Айцец аўгустынцам: у цэнтры ўсяго павінна быць любоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 верасня 2025 года Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі Генеральнага капітула Ордэна святога Аўгустына, які праходзіць у Рыме ў Папскім патрыстычным інстытуце "Аўгустыніянум". Ён падкрэсліў, што адчувае сябе на капітуле “як дома” і духоўна ўдзельнічае ў гэтай падзеі разам з субратамі. Падзякаваўшы айцу Алехандра Маралу, які скончыў сваё служэнне на пасадзе генеральнага прыёра, Папа прывітаў яго наступніка, айца Джозэфа Фарэла, заклікаючы аўгустынцаў маліцца за новага настаяцеля.
Капітул – час малітвы і духоўнага аднаўлення
Святы Айцец падкрэсліў, што Генеральны капітул – гэта каштоўная магчымасць для малітвы і разважання аб атрыманым дары, аб праблемах і выкліках, з якімі сутыкаецца супольнасць. Капітул – гэта час для таго, каб прыслухацца да Святога Духа, зазірнуць унутр сябе, як раіў святы Аўгустын. Гэта не ўцёкі ад асабістых і грамадскіх абавязкаў, ад даручанай Панам місіі, ад надзённых пытанняў і праблем, а аднаўленне духоўнага і пастырскага запалу, каб несці святло іншым.
Пакліканні і фармацыя як духоўная прыгода
Пантыфік нагадаў асноўныя тэмы Капітулу – пакліканні і фармацыя. На яго думку, рэлігійная фармацыя – гэта не проста набор правілаў ці абавязкаў, якія трэба выконваць, а “духоўная прыгода”, прыгода любові да Бога. Таму галоўная задача павінна заключацца ў тым, каб дапамагчы моладзі ўбачыць прыгажосць паклікання, навучыць любіць тое, кім яны змогуць стаць, прыняўшы пакліканне. Любоў павінна быць і ў цэнтры фармацыі. Да Бога нельга прыйсці толькі з дапамогай розуму і тэарэтычных ведаў, неабходныя здзіўленне перад веліччу Бога, пакора і шчырасць у перадачы сваёй веры іншым.
Вернасць евангельскай беднасці
Любоў і еднасць патрэбныя таксама для супольнага жыцця і апостальскай дзейнасці. Усе даброты павінны быць агульнымі, згодна з правілам аўгустынцаў харчавацца і апранацца ўсім разам. Святы Айцец заклікаў аўгустынцаў заставацца вернымі евангельскай беднасці і ўжываць усе матэрыяльныя і духоўныя сродкі на карысць місіі.
Захоўваць місіянерскі дух
Папа заклікаў законнікаў памятаць пра іх місіянерскае пакліканне. З 1533 года аўгустынцы з запалам і шчодрасцю неслі Евангелле ў многія краіны свету, служылі бедным, вучылі і падтрымлівалі мясцовыя хрысціянскія супольнасці. “Гэты місіянерскі дух не павінен знікаць”, - заўважыў Леў XIV, дадаючы, што патрэба ў сведчанні сціплай і простай радасці, гатоўнасці да служэння людзям не знікла.
Святы Айцец пажадаў удзельнікам Капітула працягваць працу ў братэрскай радасці і адкрытасці да Святога Духа, запэўніў іх у сваёй малітве і заклікаў на іх заступніцтва Панны Марыі і святога Аўгустына.
