Святы Айцец: у чаканні і цішыні нараджаецца новае жыццё

У сучасным жыцці мы заўсёды спяшаемся нешта рабіць, але Евангелле вучыць нас, што ўменне спыніцца – гэта акт даверу, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 верасня 2025 года прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй катэхезе Папа запрасіў вернікаў задумацца над таямніцай Вялікай суботы – дня, калі Сын Божы ляжыць у магіле. Яго "адсутнасць" насамрэч поўная чакання, гэта стрыманая паўната, абяцанне, якое захоўваецца ў маўчанні. Гэта Дзень Вялікай цішыні, калі неба здаецца нямым, а зямля нерухомай, але менавіта ў гэты дзень здзяйсняецца найглыбейшая таямніца хрысціянскай веры.

Цела Езуса, знятае з крыжа, было старанна загорнута, як каштоўнасць. Паводле евангеліста Яна, Езуса паклалі ў садзе “у новую магілу, у якую яшчэ нікога не клалі” (Ян 19:41). Гэты сад нагадвае аб страчаным Эдэме, а новая магіла сімвалізуе не канец, а парог новага жыцця. Як Бог пасадзіў сад на пачатку стварэння, так і новае стварэнне пачынаецца ў садзе з зачыненай магілы, якая хутка адчыніцца, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV нагадаў, што Вялікая субота – гэта і дзень адпачынку. Як Бог адпачываў пасля шасці дзён стварэння (Быц 2:2), так і Сын адпачывае пасля завяршэння сваёй справы збаўлення. Адпачывае не таму, што стаміўся, а таму, што любіў да самага канца. Гэты адпачынак – пацвярджэнне выкананай місіі. Гэта адпачынак, напоўнены прысутнасцю Бога ў цішыні.

Святы Айцец заўважыў, што ў нашым сучасным жыцці мы часта не ўмеем спыніцца і адпачыць. Мы жывем так, як быццам жыцця нам заўсёды мала. Мы спяшаемся заўсёды нешта рабіць, праяўляць сябе, не адставаць. Але Евангелле вучыць нас, што ўменне спыніцца – гэта акт даверу, якому мы павінны навучыцца. Вялікая субота нагадвае нам, што жыццё не заўсёды залежыць ад таго, што мы робім, але і ад умення пакінуць тое, што нам удалося зрабіць.

У магіле Езус, Жывое Слова Айца, маўчыць, але менавіта ў гэтай цішыні пачынае нараджацца новае жыццё, як насенне ў зямлі, як цемра перад світаннем. Бог не баіцца часу, таму што Ён Бог чакання. Нават "бескарысныя" моманты нашага жыцця могуць стаць калыскай уваскрасення. Кожны момант маўчання і цішыні можа стаць часам ласкі, які мы дорым Богу, - дадаў Папа.

Пахаваны Езус – гэта лагоднае аблічча Бога, які не запаўняе ўсю прастору, а чакае, дазваляе ўсяму здзяйсняцца, сыходзіць і пакідае нам свабоду. Вялікая субота нагадвае нам, што не трэба спяшацца зноў уставаць, трэба застацца і прывітаць цішыню. Часам мы шукаем хуткіх адказаў, неадкладных рашэнняў. Але Бог дзейнічае глыбока і павольна. Субота пахавання становіцца, такім чынам, чэравам, калыскай новага жыцця, якое хутка з’явіцца ў непераможным святле Велікоднай раніцы, - сказаў Святы Айцец.

Панна Марыя вучыць нас даверлівай самааддачы: яна ўвасабляе чаканне, давер і надзею. Калі здаецца, што жыццё спынілася, застопарылася, давайце ўспомнім пра Вялікую суботу. Нават у магіле Бог падрыхтаваў найвялікшы сюрпрыз з усіх магчымых. Менавіта ў драбніцы і ў маўчанні Бог любіць ператвараць рэчаіснасць, ствараючы ўсё новае. Сапраўдная радасць нараджаецца з пастаяннага чакання, цярплівай веры, надзеі на тое, што пражытае ў любові абавязкова адродзіцца для вечнага жыцця, - падкрэсліў Папа.

17 верасня 2025, 11:27

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >