Ксёндз Міраслаў Вахоўскі падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння Ксёндз Міраслаў Вахоўскі падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння 

Папа да нунцыя ў Іраку: дыпламатыя нараджаецца з малітвы

Леў XIV удзяліў біскупскае пасвячэнне ксяндзу Міраславу Вахоўскаму, раней прызначанаму апостальскім нунцыем у Іраку. Імша адбылася 26 кастрычніка 2025 года ў ватыканскай базіліцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскупскі дэвіз новага іерарха – “Gloria Deo Pax Hominibus” (Слава Богу, супакой людзям) – Папа назваў праграмай жыцця: заўсёды шукаць, каб Божая слава ззяла ў супакоі паміж людзьмі.

Пакора, вернасць і айцоўства: Папа акрэсліў рысы біскупа

Разважаючы над Божым Словам, Пантыфік падкрэсліў, што першай лекцыяй для кожнага біскупа з’яўляецца “пакора”. Ён спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра фарысея і мытніка, адзначыўшы, што Бог чуе малітву таго, хто цалкам давярае Яму.

"Пакора не ў словах, а тая, што жыве ў сэрцы таго, хто ведае, што ён слуга, а не гаспадар; пастыр, а не ўласнік статку", – сказаў Леў XIV. Ён з замілаваннем узгадаў пакорную малітву, якая стагоддзямі ўздымаецца з Месапатаміі, дзе мытнік з Евангелля мае аблічча шматлікіх вернікаў Усходу.

Падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння Міраслава Вахоўскага
Падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння Міраслава Вахоўскага   (AFP or licensors)

Звяртаючыся да новага арцыбіскупа, Папа нагадаў пра яго карані: зямлю азёр і лясоў, сялянскую сям'ю, дзе ён навучыўся сузіранню, стрыманасці, сіле і вернасці. Гэтыя якасці, па словах Пантыфіка, вызначаюць і біскупскае служэнне.

"Біскуп пакліканы сеяць з цярплівасцю, вырошчваць з павагай, чакаць з надзеяй. Ён захавальнік, а не ўласнік; чалавек малітвы, а не ўладання", - падкрэсліў Святы Айцец.

Нунцый – гэта не проста дыпламат, а аблічча Касцёла, які суцяшае

Леў XIV падзякаваў мансеньёру Вахоўскаму за яго шматгадовае служэнне ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Святога Пасада, якое ён выконваў "з паслухмянасцю праўдзе Евангелля, разважлівасцю і кампетэнтнасцю". Цяпер, па словах Папы, гэты дар павінен стаць душпастырскім айцоўствам у зямлі, "пазначанай болем і прагай да адраджэння".

Спасылаючыся на Апостальскі ліст святога Паўла VI “Sollicitudo omnium Ecclesiarum”, Пантыфік нагадаў, што папскі прадстаўнік з’яўляецца знакам клопату наступніка Пятра пра ўсе Касцёлы. "Апостальскі нунцый – гэта не звычайны дыпламат: гэта аблічча Касцёлa, які спадарожнічае, суцяшае, будуе масты. Яго задача – не абараняць партыйныя інтарэсы, а служыць еднасці", - сказаў Папа.

Падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння Міраслава Вахоўскага
Падчас Імшы з абрадам біскупскага пасвячэння Міраслава Вахоўскага

У Іраку, паводле Святога Айца, гэтае служэнне набывае асаблівае значэнне. Ён назваў мясцовы Касцёл "мазаікай абрадаў і культур", якая мае старажытныя апостальскія карані, бо, паводле традыцыі, Евангелле туды прынёс святы апостал Тамаш, а першыя супольнасці заснавалі яго вучні Адай і Марый. Папа ўзгадаў гістарычны візіт свайго папярэдніка Францішка ў Ірак у сакавіку 2021 года, які заклікаў быць сябрамі для ўсіх і супрацоўнічаць з іншымі рэлігіямі дзеля міру.

"Сёння ты пакліканы працягваць гэты шлях: аберагаць парасткі надзеі, заахвочваць да мірнага суіснавання, паказваць, што дыпламатыя Святога Пасада нараджаецца з Евангелля і жывіцца малітвай", - адзначыў Леў XIV, заклікаючы новага нунцыя быць чалавекам еднасці, сузірання, слухання і дыялогу. "У Іраку народ пазнае цябе не па тым, што ты скажаш, а па тым, як ты будзеш любіць", - завяршыў ён.
 

26 кастрычніка 2025, 17:35