Папа да каталіцкіх універсітэтаў: дапамагаць людзям выпрастацца

Задача адукацыі – узвышаць чалавека, дапамагаць яму выпрастацца, стаць на ногі, - сказаў Святы Айцец у гаміліі падчас Імшы з нагоды Юбілею свету адукацыі, якая 27 кастрычніка 2025 года прайшла ў Базіліцы святога Пятра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў Папскіх універсітэтаў, якія здзейснілі юбілейную пілігрымку ў Ватыкан, Леў XIV нагадаў пра глыбокі духоўны сэнс вучобы і пошуку праўды. Ён адзначыў, што пілігрымка да Святой Брамы – гэта сімвал жыцця ў руху, здольнага змяняцца і пераходзіць ад рабства да свабоды, ад смерці да жыцця. Таксама і Касцёл павінен заўсёды быць у дарозе, без спакусы ісці наперадзе Хрыста, але ўдзячна ідучы за Ім, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік звярнуўся да тых, хто займаецца вучобай, выкладаннем і навуковай дзейнасцю. Ён адзначыў, што сапраўдная ласка для чалавека навукі – гэта позірк, здольны зазірнуць за гарызонт, не замыкаючыся ў вузкіх межах асабістага досведу, ідэй і перакананняў. Евангельскі вобраз згорбленай жанчыны, якой Езус дапамог выпрастацца (Лк 13:10-17), – гэта сімвал абуджэння ад стану невуцтва: калі чалавек атрымлівае новае бачанне, здольнасць зазірнуць за межы сябе, ён адкрываецца на праўду, здольную змяніць жыццё.

Сёння мы з’яўляемся экспертамі ў бясконца малых дэталях рэчаіснасці, але мы няздольныя зноў мець агульнае бачанне, каб ахапіць шырокім позіркам усе рэчы і іх глыбокі сэнс. Духоўнасць мае патрэбу ў такім поглядзе, - нагадаў Папа, заахвочваючы студэнтаў да вывучэння тэалогіі, філасофіі і іншых дысцыплін. Ён прывёў прыклады вялікіх мысляроў і святых: Аўгустына, Тамаша Аквінскага, Тэрэзы Авільскай, Эдыт Штайн, якія змаглі злучыць інтэлектуальную працу з духоўным шляхам.

Адукацыя нагадвае цуд, пра які гаворыцца ў евангельскім урыўку пра аздараўленне жанчыны, таму што роля выкладчыка – узняць чалавека, дапамагчы яму выпрастацца, стаць на ногі, як робіць Езус з згорбленай жанчынай, дапамагчы яму быць самім сабой і набыць самастойную крытычную свядомасць і мысленне. Папскія ўніверсітэты павінны працягваць гэты жэст Хрыста, які ўзвышае чалавека і дае яму надзею. З дапамогай адукацыі і даследаванняў можна наталіць смагу па ісціне і сэнсу, якая жыве ў кожным сэрцы, - сказаў Леў XIV.

Святы Айцец нагадаў словы апостала Паўла аб тым, што ўсе мы – дзеці Божыя. Мы – не істоты, выпадкова закінутыя ў гэты свет, а належым Таму, хто любіць нас і ў каго ёсць план любові для нашага жыцця. Папа пажадаў усім прысутным, каб досвед вучобы і даследаванняў дапамог ім знайсці гэты новы позірк на жыццё, каб яны не замыкаліся ў сваіх межах, а выпрасталіся, несучы ў свет радасць і суцяшэнне Евангелля.

27 кастрычніка 2025, 18:48