Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Леў XIV манахам і манахіням: не спыняйцеся ў сведчанні надзеі

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 8 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане, Папа прывітаў законнікаў, законніц і кансэкраваных свецкіх асоб, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею кансэкраванага жыцця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, дзякую вам за ваша каштоўнае служэнне Евангеллю і Касцёлу. Заклікаю вас быць выразнымі знакамі любові Бога і прыладамі міру ў кожным асяроддзі. Не спыняйцеся ў сведчанні надзеі на многіх франтах сучаснага свету, адважна адкрываючы новыя шляхі евангелізацыі і развіцця чалавека”, - сказаў Папа.

Юбілей кансэкраванага жыцця праходзіць у Ватыкане з 8 па 12 кастрычніка 2025 года. У ім бяруць удзел прадстаўнікі каля 100 краін свету. Самыя вялікія дэлегацыі прыбылі з Італіі, Польшчы, Францыі, Іспаніі, Германіі, Партугаліі, Харватыі, ЗША, Канады, Бразіліі, Аргенціны, Мексікі і іншых краін.

Пілігрымы пройдуць праз Святыя брамы папскіх базілік Рыма, возьмуць удзел у малітоўным чуванні ў базыліцы святога Пятра, якое ўзначаліць кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, прапрэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама ў святой Імшы на ватыканскай плошчы, якую 9 кастрычніка будзе цэлебраваць Пантыфік. Акрамя таго, праграма Юбілею прадугледжвае шэраг сустрэч, падчас якіх законнікі, законніцы і кансэкраваныя асобы змогуць прадставіць свае супольнасці і абмеркаваць сучасныя выклікі.
 

08 кастрычніка 2025, 12:18