Пантыфік падтрымаў італьянскі “Рух за жыццё”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З нагоды 45-га Нацыянальнага кангрэса італьянскага “Руху за жыццё імя Карла Казіні”, які праходзіць у Рыме, Святы Айцец выказаў сваю падтрымку. Пасланне за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна было адрасавана ўдзельнікам сустрэчы на тэму “50 гадоў жыцця”.
У год Юбілею Пантыфік выказаў “жывую ўдзячнасць за мужную працу”, якую праводзіць Рух у справе прасоўвання і абароны чалавечага жыцця. Ён спадзяецца, што мерапрыемства паспрыяе “сцвярджэнню неад’емнага прымату асобы” і абудзіць “абноўленую ўвагу да таямніцы чалавечага існавання”. У пасланні падкрэсліваецца, што “колькасць народжаных дзяцей з’яўляецца важным паказчыкам надзеі народа”.
Асабліва Леў XIV заклікаў суправаджаць і падтрымліваць “жанчын, якія перажываюць цяжкія сітуацыі і няўпэўненасць”. Гэты аспект дзейнасці “Руху за жыццё” з’яўляецца практычным выразам клопату пра найбольш уразлівых.
