Юбілей Місій і Мігрантаў: Папа заклікаў да новай эпохі ў Касцёле
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец падчас гаміліі на Юбілеі Свету Місій і Мігрантаў падкрэсліў, што ўвесь Касцёл з'яўляецца місійным і павінен “без страху абвяшчаць Евангелле ўсім”. Ён звярнуў увагу на цяжкую і балючую гісторыю братоў-мігрантаў, якія спазнаюць страх, адзіноту і насілле.
Папа спаслаўся на прарока Абакума, які пытаўся ў Бога, чаму Ён маўчыць перад абліччам зла. Адказ Пана – гэта надзея: збаўленне прыйдзе. Леў XIV нагадаў, што нават вера памерам з гарчычнае зерне мае моц Божай любові і здольная рабіць неймаверныя рэчы. Збаўленне адбываецца праз штодзённыя жэсты спачування і клопату пра бліжняга.
Пантыфік абвясціў пачатак новай місійнай эпохі. “Сёння межы місіі ўжо не геаграфічныя, бо беднасць, пакуты і прага надзеі набліжаюцца да нас”, - сказаў ён. Гісторыя мігрантаў паказвае, што місія цяпер заключаецца не столькі ў тым, каб “адпраўляцца”, колькі ў тым, каб “заставацца” і абвяшчаць Хрыста праз гасціннасць, спачуванне і салідарнасць. Гэтыя людзі не павінны сутыкацца з “холадам абыякавасці”.
Святы Айцец заклікаў да абноўленага місійнага супрацоўніцтва паміж Касцёламі. У супольнасцях з даўняй хрысціянскай традыцыяй, такіх як заходнія, прысутнасць братоў і сясцёр з поўдня свету павінна разглядацца як шанец для абмену, які абнаўляе аблічча Касцёла і абуджае больш адкрытае, жывое і дынамічнае хрысціянства.
Папа таксама нагадаў пра прыгажосць і важнасць місійных пакліканняў. Ён звярнуўся асабліва да Касцёла ў Еўропе: "Сёння неабходны новы місійны парыў свецкіх, кансэкраваных асоб і прэзбітэраў, якія б ахвяравалі сваю паслугу на місійных землях; патрэбны новыя прапановы і душпастырскія ініцыятывы, здольныя абудзіць гэтае жаданне, асабліва сярод моладзі".
У завяршэнні гаміліі Леў XIV удзяліў благаслаўленне духавенству, місіянерам і тым, хто распазнае сваё пакліканне. Мігрантам ён сказаў: "Вы заўсёды жаданыя госці! Моры і пустыні, якія вы перасеклі, у Святым Пісанні з’яўляюцца ‘месцамі збаўлення’".
Папа даверыў усіх заступніцтву Марыі, першай місіянеркі свайго Сына, каб кожны стаў супрацоўнікам Хрыстовага Валадарства любові, справядлівасці і міру.
