Папа: вера ўмацоўваецца, калі дзелімся ёй з бліжнімі

Леў XIV падзякаваў харвацкім католікам за сведчанне веры і захаванне хрысціянскіх каранёў, заклікаўшы іх быць закваскай міру, дабра і надзеі ў свеце, які пакутуе ад гвалту і войнаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 7 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV прывітаў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане пілігрымаў з Харватыі, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілейнага года.

Пантыфік назваў шматлікую і малітоўную прысутнасць пілігрымаў красамоўным знакам жывой веры іх народа, які на працягу гісторыі захоўваў трывалую еднасць з Касцёлам і вернасць Наступніку апостала Пятра. Папа заўважыў, што карані веры харвацкіх католікаў працягваюць прыносіць плёны і сёння дзякуючы сведчанню сем’яў, парафіяльных супольнасцяў і касцельных рухаў.

“Традыцыя, атрыманая ад вашых бацькоў – гэта каштоўны скарб, які вы рупліва захоўваеце і які пакліканы пастаянна абнаўляць, заўсёды застаючыся адкрытымі на распазнаванне таго, што падказвае Святы Дух”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заахвоціў вернікаў заставацца прывязанымі да сваіх хрысціянскіх каранёў і даваць сведчанне народа, які любіць Хрыста і Яго Касцёл. “Гэта паслядоўнасць жыцця з’яўляецца Евангеллем, абвешчаным учынкамі, больш красамоўным за шматлікія словы”, - падкрэсліў ён.

“Заклікаю вас заўсёды трымаць позірк на Езусе, Добрым Пастыры, які накіроўвае і суправаджае вас, і з даверам і паслухмянасцю дазволіць Яму весці вас. Не забывайце, што вера расце і ўмацоўваецца, калі ёю дзелімся. Таму запрашаю вас перадаваць з радасцю вашым дзецям і новым пакаленням хрысціянскія каштоўнасці, што сфармавалі вашу багатую гісторыю і культуру. Такім чынам вы працягнеце быць закваскай міру, дабра і надзеі ў свеце, разарваным гвалтам і войнамі, якія і вы спазналі ў сваёй гісторыі”, - сказаў Святы Айцец, даверыўшы пілігрымаў апецы Багародзіцы.
 

07 кастрычніка 2025, 19:00