Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Калізеі  (@Vatican Media)

Пантыфік: толькі мір святы, Бог хоча свету без вайны

Мір – прыярытэт усякай палітыкі. Бог спытае з тых, хто не шукаў міру ці распальваў напружанасць і канфлікты, за ўсе дні, месяцы і гады вайны, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 кастрычніка 2025 года ў рымскім Калізеі Леў XIV прыняў удзел у міжрэлігійнай малітве за мір разам з лідарамі розных хрысціянскіх канфесій і сусветных рэлігій. “Свет прагне міру: ён патрабуе сапраўднай і трывалай эпохі прымірэння, якая пакладзе канец гвалту, дэманстрацыі сілы і абыякавасці да права. Досыць войнаў з іх шматлікімі смерцямі, разбурэннямі і выгнаннямі!”, - заклікаў у прамове Папа.

Пантыфік заўважыў, што сваёй сустрэчай рэлігійныя лідары выказваюць не толькі цвёрдае жаданне міру, але таксама ўсведамленне таго, што малітва – гэта вялікая сіла прымірэння. “Мы верым, што малітва змяняе гісторыю народаў. Няхай месцы малітвы будуць шатрамі сустрэчы, святынямі паяднання, аазісамі міру”, - сказаў ён.

Міжрэлігійная сустрэча ў рымскім Калізеі
Міжрэлігійная сустрэча ў рымскім Калізеі   (ANSA)

Леў XIV нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які ў 1986 годзе ў Асізі заклікаў рэлігійных лідараў свету маліцца адзін за аднаго і ніколі адзін супраць аднаго. “Гэта быў гістарычны момант, паварот у адносінах паміж рэлігіямі”, - сказаў Папа, нагадваючы, што вынікам гэтай падзеі сталі шматлікія іншыя сустрэчы, якія паспрыялі стварэнню атмасферы сяброўства паміж рэлігійнымі лідарамі. Ён заклікаў да захавання “духу Асізі”, нават калі свет рухаецца ў адваротным напрамку.

Святы Айцец адзначыў, што малітва ў “духу Асізі” грунтуецца для Каталіцкага Касцёла на трывалым фундаменце, выражаным у дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора “Nostra aetate”, прысвечанай абнаўленню адносін Касцёла з іншымі рэлігіямі. Папа заўважыў, што гэты дакумент быў выдадзены роўна 60 гадоў таму – 28 кастрычніка 1965 года.

Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў рымскім Калізеі
Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў рымскім Калізеі   (AFP or licensors)

Спаслаўшыся на заклік саборнай дэкларацыі да братэрства, Пантыфік падкрэсліў, што рэлігіі пакліканы спрыяць братэрскім, а не варожым адносінам паміж народамі. У гэтым кантэксце ён адзначыў, што падзяляе словы Папы Францішка пра патрэбу “аддаліць ад рэлігій спакусу станавіцца прыладай для сілкавання нацыяналізму, этнацызму і папулізму”. Ён нагадаў словы свайго папярэдніка: “Гора тым, хто прыцягвае Бога да ўдзелу ў войнах”, і дадаў: “Вайна ніколі не святая – толькі мір святы, бо жаданы Богам”.

Пантыфік заклікаў сілай малітвы і рук, узнесеных да неба і працягнутых іншым, “зрабіць усё, каб як мага хутчэй скончылася гэтая эпоха гісторыі, пазначаная вайной і самаўпэўненай сілай, і каб пачалася новая гісторыя”. “Мы не можам прыняць таго, каб гэта эпоха працягвалася далей, каб яна фармавала мысленне народаў, каб людзі прызвычаіліся да вайны як да звычайнай спадарожніцы чалавечай гісторыі. Досыць! Гэта – крык бедных і крык зямлі. Досыць! Пане, пачуй наш вокліч!”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што імкненне будаваць свет без войнаў павінна стаць праграмай дзеяння для ўсяго чалавецтва.

Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў рымскім Калізеі
Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў рымскім Калізеі   (@Vatican Media)

Святы Айцец запэўніў, што “культура прымірэння пераможа актуальную глабалізацыю бездапаможнасці, якая, здаецца, кажа нам, што іншая гісторыя – немагчымая”. Ён адзначыў, што дыялог, перамовы і супрацоўніцтва могуць вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у канфліктных сітуацыях. “Яны павінны гэта зрабіць. Ёсць месцы і людзі, здольныя дасягнуць гэтага”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы пра адказнасць, якую палітыкі маюць за мір перад Богам. “Мір – прыярытэт усякай палітыкі. Бог спытае з тых, хто не шукаў міру ці распальваў напружанасць і канфлікты, за ўсе дні, месяцы і гады вайны”, - дадаў Леў XIV.

Пантыфік заклікаў палітычных лідараў пачуць гэты заклік і адважыцца на мір. “І калі б свет застаўся глухім да гэтага закліку, мы ўпэўненыя, што Бог пачуе нашу малітву і стогн шматлікіх пакутуючых. Бо Бог хоча свету без вайны. Ён выбавіць нас ад гэтага зла!”, - запэўніў Папа.
 

28 кастрычніка 2025, 17:40