Пантыфік: далёкі ад Бога той, хто робіць людзей нявольнікамі

“Як жа далёкі ад Бога той, хто прыгнятае людзей, ператвараючы іх у нявольнікаў!”, - падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Італьянскай нацыянальнай рады па барацьбе з ліхвярствам, якая прайшла 18 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Феномен ліхвярства датычыцца сапсутасці чалавечага сэрца”, - сказаў Святы Айцец, нагадаўшы, што ўжо старазапаветныя прарокі асуджалі гэтую з’яву разам з эксплуатацыяй і ўсімі іншымі формамі несправядлівасці ў адносінах да бедных.

“Як жа далёкі ад Бога той, хто прыгнятае людзей, ператвараючы іх у нявольнікаў! Гэта цяжкі, а часам вельмі цяжкі грэх, бо ён зводзіцца не проста да пытання фінансавага разліку. Ліхвярства можа прывесці да разбурэння сем’яў, знясіліць розум і сэрца да такой ступені, што чалавек пачынае думаць пра самагубства як пра адзіны выхад”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што негатыўная дынаміка ліхвярства праяўляецца на розных узроўнях. Часам яно хаваецца за нібыта дапамогай людзям, якія перажываюць фінансавыя цяжкасці, але вельмі хутка паказвае свой сапраўдны твар – становіцца цяжарам, які душыць.

“Найбольш пакутуюць ад гэтага ўразлівыя людзі, напрыклад, ахвяры азартных гульняў. Але таксама яно закранае тых, хто сутыкаецца з цяжкімі сітуацыямі – нечаканымі медыцынскімі выдаткамі, непрадбачанымі рахункамі, што перавышаюць магчымасці сям’і. Тое, што спачатку здаецца дапамогай, урэшце становіцца пакутай”, - адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што ліхвярства прысутнічае і на міжнародным узроўні, калі несправядлівыя фінансавыя сістэмы ставяць на калені цэлыя народы.

Леў XIV адзначыў, што дзейнасць рады па барацьбе з ліхвярствам адпавядае духу Юбілейнага года і з’яўляецца знакам надзеі для многіх людзей. Ён заклікаў таксама спрыяць навяртанню ліхвяроў, нагадаўшы евангельскую гісторыю пра мытніка Закхея – чалавека, які лічыў нармальным карыстацца ўладай, каб эксплуатаваць людзей і ўзбагачацца, рабуючы найслабейшых.

“Але менавіта яго шукаў Езус: паклікаў яго і сказаў, што хоча спыніцца ў яго доме. І тут адбылося нечаканае: бескарыслівасць Езуса цалкам змяніла гэтага чалавека, паставіла яго перад праўдай. Закхей усвядоміў свой грэх і сказаў: “Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім, і калі каго ў чым ашукаў -аддам у чатыры разы больш”, - прывёў словы Папа.

“Ніхто не патрабаваў ад яго столькі – нават Закон Майсея. Але сустрэча з Хрыстом перамяніла яго сэрца і ўсё змяніла. Толькі бескарыслівасць мае такую моц, што адкрывае чалавеку сэнс яго чалавечнасці. Калі пануе імкненне да прыбытку, іншыя перастаюць быць асобамі – яны становяцца аб’ектамі эксплуатацыі; і так чалавек губляе сябе і сваю душу. Таму навяртанне таго, хто займаецца ліхвярствам, не менш важнае, чым падтрымка тых, хто ад яго пакутуе”, - падсумаваў Пантыфік.
 

18 кастрычніка 2025, 10:59