Леў XIV да Філіпін: Касцёл – бяспечны дом для дзяцей і ўразлівых
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл з’яўляецца духоўным домам, таму кожная парафія і душпастырская дзейнасць павінны быць прасторай, дзе клапоцяцца пра іншых, асабліва пра дзяцей і ўразлівых асоб.
Ён выказаў надзею на тое, што абмеркаванні на форуме прывядуць да ўкаранення палітыкі, якая гарантуе празрыстасць у разглядзе спраў, спрыяе культуры прафілактыкі і абараняе ўразлівых. Такім чынам, паводле Папы, Касцёл стане больш сапраўдным сведкам Хрыста, Добрага Пастыра.
Пасланне было адрасавана ўдзельнікам першай Нацыянальнай канферэнцыі па абароне непаўналетніх, якая прайшла ў горадзе Анджэлес на тэму “Наша місія абароны – шлях надзеі і спагады” (Our mission of protection: a path of hope and compassion).
Форум сабраў 300 дэлегатаў, уключаючы біскупаў, духавенства і свецкіх экспертаў, каб стварыць у Касцёле культуру бяспекі, заснаваную на евангельскіх каштоўнасцях.
Падчас канферэнцыі эксперты абмеркавалі практычныя крокі: ад прымянення кананічнага права і забеспячэння лічбавай бяспекі да суправаджэння ахвяр.
Была падкрэслена важнасць пастаяннай фармацыі духавенства і свецкіх, эфектыўнага разгляду скаргаў і празрыстай справаздачнасці касцельнага кіраўніцтва. Удзельнікі пацвердзілі, што асновай абароны з’яўляецца культура слухання, дзе пацярпелыя сустракаюць спагаду і падтрымку.
