Кіраўніца ЮНІСЕФ у Папы: заклік абараніць дзяцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
6 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Кэтрын Расэл, Выканаўчага дырэктара Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Сустрэча была прысвечана абмеркаванню крытычнай сітуацыі, у якой апынуліся дзеці па ўсім свеце.
Спадарыня Расэл выказала ўдзячнасць Пантыфіку за яго маральны аўтарытэт. “Папа Леў XIV валодае магутным голасам у распаўсюджванні паслання міру і абароны дзяцей, і мы ўдзячныя яму за гэта. Свет павінен прыслухацца і зрабіць больш для дзяцей”, - заявіла яна пасля аўдыенцыі.
Дзяцінства павінна быць шчаслівым часам, але занадта шмат дзяцей проста выжывае
Падчас сустрэчы былі акрэслены асноўныя пагрозы: мільёны дзяцей жывуць у зонах канфліктаў, такіх як Газа, Судан, Украіна, Емен і Дэмакратычная Рэспубліка Конга, або з'яўляюцца ўцекачамі. Акрамя таго, адзін мільярд дзяцей знаходзіцца ў краінах з высокай рызыкай наступстваў змены клімату, а сотні мільёнаў жывуць у крайняй беднасці.
Кіраўніца ЮНІСЕФ падкрэсліла, што доступ да медыцынскіх, адукацыйных і ахоўных паслуг скарачаецца з прычыны глабальных фінансавых праблем.
Расэл таксама падзякавала Папу за яго ўвагу да праблемы доступу да адукацыі для ўсіх дзяцей і да крызісу запазычанасці, які паглынае рэсурсы, неабходныя для сацыяльнай сферы. Многія краіны вымушаны плаціць па крэдытах больш, чым інвеставаць у ахову здароўя ці адукацыю.
Скарачэнне дапамогі можа прывесці да 4,5 мільёна дадатковых дзіцячых смерцяў да 2030 года
“Мы ведаем, як ратаваць і паляпшаць жыццё дзяцей”, - адзначыла прадстаўніца ААН, нагадваючы, што ЮНІСЕФ і партнёры штогод дапамагаюць сотням мільёнаў дзяцей. Аднак яна заклікала сусветных лідараў аб'яднацца, вызначыць прыярытэты для дзяцей і гарантаваць захаванне іх правоў, што зробіць свет "больш здаровым, стабільным і мірным для ўсіх".
Гэта быў другі візіт Кэтрын Расэл у Ватыкан; у 2024 годзе яна сустракалася з Папам Францішкам.
