Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV: гісторыя карэнных народаў – незаменны голас Касцёла

Леў XIV скіраваў пасланне да карэнных народаў з нагоды Юбілейнага года. Ён заклікаў іх з адвагай і свабодай несці ў свет сваё чалавечае, культурнае і хрысціянскаe багацце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік далучыўся да віртуальнага мерапрыемства, арганізаванага Старшынёй Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM) для сетак карэнных народаў і прадстаўнікоў так званай “індзейскай тэалогіі”.

Ён падкрэсліў, што Юбілей – гэта ў першую чаргу "момант жывой і асабістай сустрэчы з Панам Езусам", нагода для прымірэння, удзячнай памяці і супольнай надзеі, а не проста знешняе святкаванне.

Пераасэнсаваць гісторыю, прызнаючы ў ёй як светлыя бакі, так і балючыя раны

Папа адзначыў, што ўніверсальнасць Касцёла, якая не ўніфікуе, а прымае і ўзбагачваецца разнастайнасцю, асаблівым чынам уключае карэнныя народы, чыя гісторыя і духоўнасць з'яўляюцца "незаменным голасам" у касцельнай супольнасці.

Святы Айцец звярнуў увагу на доўгую гісторыю евангелізацыі карэнных народаў, якая, паводле біскупаў Лацінскай Амерыкі, напоўнена "святлом і ценямі". Ён заклікаў прабачаць адно аднаму "ад усяго сэрца", каб прымірыцца з уласнай гісторыяй і дзякаваць Богу за Яго міласэрнасць.

Пантыфік падкрэсліў, што, прызнаючы як святло, так і раны мінулага, мы можам стаць сапраўдным Божым народам, калі даверымся Яго дзеянню. Бог, Які заклаў "насенне Слова" ва ўсе культуры, дазваляе ім квітнець па-новаму і дзівосна.

З евангельскай адвагай дзяліцца сваім багаццем як карэнных народаў

Леў XIV нагадаў пра важнасць “parresía” – евангельскай адвагі, якую так цаніў яго папярэднік Папа Францішак. Ён заахвоціў карэнныя народы смела і свабодна дзяліцца сваім уласным чалавечым, культурным і хрысціянскім багаццем.

"Касцёл слухае і ўзбагачаецца вашымі ўнікальнымі галасамі, якія маюць незаменнае месца ў цудоўным хоры, дзе ўсе мы абвяшчаем: 'Цябе, Бога, праслаўляем'", - напісаў Папа, цытуючы гімн “Te Deum”.

На заканчэнне Святы Айцец даручыў працу ўдзельнікаў сустрэчы Найсвяцейшай Панне Марыі з Гвадэлупэ, Зорцы Евангелізацыі, і заклікаў усіх аднавіць сваю адданасць запаведзі Езуса – ісці і навучаць усе народы, распаўсюджваючы радасць сустрэчы з Боскім Сэрцам Хрыста.
 

16 кастрычніка 2025, 09:38