Пантыфік: мір – плён справядлівасці і мужнага прабачэння

Мір не дасягаецца шляхам стрымлівання ці ўльтыматумаў. Ён не прыйдзе як плён перамогі над ворагам, але як вынік сеяння справядлівасці і адважнага прабачэння, падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 11 кастрычніка 2025 года Папа Леў XIV узначаліў ружанцовую малітву ў інтэнцыі міру. Яна адбылася на Плошчы Святога Пятра з удзелам тысяч пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею марыйнай духоўнасці. Спецыяльна з гэтай нагоды з Партугаліі была прывезена фігура Маці Божай Фацімскай.

У сваёй медытацыі Пантыфік нагадаў прысутным словы Панны Марыі, якія Яна сказала падчас вяселля ў Кане Галілейскай, указваючы на Езуса: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2,5).

“Потым Яна больш не будзе прамаўляць. Таму гэтыя словы, якія гучаць амаль як Яе запавет, павінны быць асабліва дарагімі Яе дзецям, як кожны запавет маці”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, Маці Божая жадае, каб мы добра памяталі ўсе словы Езуса і спаўнялі іх у жыцці. Але сярод Ягоных слоў асабліва актуальным застаецца заклік да вучня, які спрабаваў абараніць Яго мячом – схаваць зброю.

“Раззброй рукі, а перадусім – сэрца. Як я ўжо меў магчымасць нагадаць пры іншых нагодах, мір – бяззбройны і раззбройваючы. Гэта не стрымліванне, а братэрства; не ўльтыматум, а дыялог. Ён не прыйдзе як плён перамогі над ворагам, але як вынік сеяння справядлівасці і адважнага прабачэння”, - адзначыў Леў XIV.

Папа падкрэсліў, што заклік схаваць зброю скіраваны не толькі да магутных гэтага свету, але таксама “да кожнага з нас, каб мы станавіліся ўсё больш свядомымі таго, што ні дзеля якой ідэі, веры ці палітыкі мы не можам забіваць”.

“Найперш трэба раззброіць сэрца, бо калі няма міру ў нас саміх, мы не зможам несці мір”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы з малітвай звярнуцца да Найсвяцейшай Панны Марыі, Валадаркі супакою і Маці надзеі, каб Яна выпрасіла ў Бога дар міру для нашага свету.
 

11 кастрычніка 2025, 18:49