Папа – лідарам рэлігій: дапаможам народам вызваліцца ад нянавісці

Калі рэлігіі, народы і пакаленні пачынаюць ісці разам, адбываюцца цудоўныя рэчы: адкрываюцца сэрцы, узводзяцца масты, пракладаюцца новыя шляхі там, дзе гэта здавалася немагчымым, заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

28 кастрычніка 2025 года ў Зале Паўла VI у Ватыкане Леў XIV прыняў удзел у міжрэлігійнай сустрэчы на тэму “Ідучы разам у надзеі”, прымеркаванай да 60-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору “Nostra aetate” – дакумента 1965 года, прысвечанага адносінам Касцёла да іншых рэлігій.

“Шэсцьдзесят гадоў таму было пасеяна зерне надзеі для міжрэлігійнага дыялогу. Сёння ваша прысутнасць сведчыць, што гэта зерне вырасла ў велічнае дрэва, галіны якога, шырока раскінутыя, даюць прытулак і прыносяць багатыя плады ўзаемнага разумення, сяброўства, супрацоўніцтва і міру”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік згадаў пра людзей, якія прыкладалі намаганні для рэалізацыі прынцыпаў “Nostra aetate”: палівалі пасеянае насенне, даглядалі глебу і абаранялі яго. “Некаторыя нават ахвяравалі сваім жыццём: яны – мучанікі дыялогу, якія супрацьстаялі гвалту і нянавісці. Давайце з удзячнасцю ўзгадаем іх”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на актуальнасць паслання “Nostra aetate”. Ён адзначыў, што ў першую чаргу дэкларацыя кажа пра пакліканне Касцёла спрыяць адзінству і любові паміж людзьмі і народамі. Дакумент таксама нагадвае, што мы ўсе належым да адной чалавечай сям’і і што рэлігіі, якія сустракаюцца ў свеце, рознымі спосабамі імкнуцца адказаць на неспакойны пошук, уласцівы сэрцу чалавека.

Папа падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл не адмаўляе нічога з таго, што ёсць праўдзівага і святога ў іншых рэлігіях, заклікаючы сваіх дзяцей праз дыялог і супрацоўніцтва прызнаваць, захоўваць і падтрымліваць тое, што з’яўляецца духоўна, маральна і культурна добрым у народаў.

Падрыхтоўка “Nostra aetate” пачалася з таго, што Папа Ян ХХІІІ даручыў кардыналу Агасціна Бэа прадставіць Сабору даклад, які б апісваў новыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і юдаізмам, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што па гэтай прычыне чацвёрты раздзел, прысвечаны юдаізму, можна назваць сэрцам і ядром усёй дэкларацыі.

Пантыфік заўважыў, што дакумент стаў першым у гісторыі Касцёла дактрынальным тэкстам з тэалагічнай асновай, які, абапіраючыся на Біблію, паказаў юдэйскія карані хрысціянства. У той жа час ён заняў цвёрдую пазіцыю супраць усіх формаў антысемітызму і дыскрымінацыі – расавай, сацыяльнай і рэлігійнай. Папа нагадаў, што “мы не можам заклікаць Бога, Айца ўсіх, калі адмаўляемся паводзіць сябе па-братэрску з кожным чалавекам, створаным паводле Божага вобраза”.

“Гэты гістарычны дакумент, такім чынам, адкрыў нам вочы на просты, але глыбокі прынцып: дыялог – гэта не тактыка і не інструмент, але спосаб жыцця, шлях сэрца, які перамяняе ўсіх яго ўдзельнікаў – тых, хто слухае, і тых, хто гаворыць. Акрамя таго, мы праходзім гэты шлях не пакідаючы нашай веры, але застаючыся трывала ў ёй”, - сказаў Леў XIV.

Пантыфік адзначыў, што сапраўдны дыялог нараджаецца з глыбокіх каранёў нашай веры, якія даюць нам сілу працягваць руку іншым з любоўю. Паводле яго слоў, неабходна глядзець па-за тое, што нас падзяляе, і адкрываць тое, што ўсіх нас яднае.

“І ўсё ж сёння мы жывём у свеце, у якім гэтая візія часта зацямняецца. Мы бачым сцены, што зноў паўстаюць паміж народамі, рэлігіямі і нават паміж суседзямі. Грукат вайны, раны беднасці і стогн зямлі нагадваюць нам, наколькі далікатнай застаецца чалавечая сям’я. Многія стаміліся ад абяцанняў, многія забыліся, што такое надзея”, - дадаў ён.

У гэтым кантэксце Папа нагадаў пра святую адказнасць рэлігійных лідараў: дапамагчы народам “вызваліцца ад ланцугоў забабонаў, гневу і нянавісці, узняцца над эгаізмам і самазамкнёнасцю, пераадолець прагнасць, якая разбурае чалавечую душу і зямлю”.

“Такім чынам, мы зможам весці нашы народы і стаць прарокамі нашага часу – галасамі, якія асуджаюць гвалт і несправядлівасць, выпраўляюць падзелы і абвяшчаюць мір усім нашым братам і сёстрам”, - сказаў Папа, дадаўшы: “Калі рэлігіі, народы і пакаленні пачынаюць ісці разам, адбываюцца цудоўныя рэчы: адкрываюцца сэрцы, узнікаюць масты, пракладаюцца новыя шляхі там, дзе гэта здавалася немагчымым”.

“Дарагія браты і сёстры, у гэты вырашальны момант гісторыі нам даручана вялікая місія – абудзіць у кожным чалавеку пачуццё чалавечнасці і святасці. Гэта, мае сябры, менавіта тая прычына, дзеля якой мы, як рэлігійныя лідары, што нясуць вялікую адказнасць за тое, каб несці надзею чалавецтву, якое часта паддаецца спакусе роспачы, сабраліся тут. Памятайце, што малітва мае сілу перамяняць нашы сэрцы, нашы словы, нашы ўчынкі і наш свет. Аднаўляючы ў нас дух надзеі і любові, яна абнаўляе нас знутры”, - сцвердзіў Папа.
 

28 кастрычніка 2025, 20:26