Папа: святасць жыцця квінтее ў служэнні самым слабым

Новыя святыя, якія, цалкам прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу і бліжнім, працягваюць заставацца знакамі надзеі для ўсяго чалавецтва, адзначыў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з розных краін на ўрачыстую кананізацыю сямі новых святых, што адбылася днём раней у Ватыкане.

“Мы ўсе раздзяляем радасць дарагога армянскага народа, узгадваючы святасць мучаніка, біскупа Ігнацыя Малаяна,” - сказаў Папа. Ён нагадаў, што гэты армянскі іерарх быў сапраўдным “пастырам паводле сэрца Хрыстовага”, які не пакінуў свой статак у цяжкія часы і без вагання аддаў жыццё за вернасць Богу, адмовіўшыся ад свабоды ў абмен на адрачэнне ад Яго.

“Гэта нагадвае мне пра армянскі народ, які выразае крыж на камянях як знак сваёй трывалай і непахіснай веры. Няхай заступніцтва новага святога абновіць запал вернікаў і прынясе плён прымірэння і супакою для ўсіх,” - пажадаў Святы Айцец.

Пантыфік таксама адзначыў прыклад веры народа Папуа-Новай Гвінеі, адлюстраваны ў асобе яго першага святога – Пітэра То Рота. “Хоць ён быў звычайным катэхетам, ён праявіў выключную адвагу, рызыкуючы жыццём, каб патаемна весці сваё апостальскае служэнне, бо яго пастырская праца была забаронена акупантамі падчас Другой сусветнай вайны,” - нагадаў Леў XIV, падкрэсліваючы мужнасць святога ў абароне праўдаў веры і яго давер да Бога ў часы выпрабаванняў.

Вітаючы дэлегацыю з Венесуэлы, якая прыбыла на кананізацыю двух сваіх суайчыннікаў – Хасэ Грэгорыа Эрнандэса і Кармен Рэндылес, – Пантыфік пажадаў, каб гэтыя святыя натхнялі ўсіх венесуэльцаў на адзінства і клопат пра Бацькаўшчыну, ставячы ў цэнтр веру, надзею і любоў, не забываючы пра самых бедных.

“Глядзячы на гэтыя дзве вялікія постаці, мы бачым перш за ўсё людзей, вельмі падобных да нас, якія жылі, сутыкаючыся з праблемамі, падобнымі да нашых, і якія мы самі можам пераадолець, ідучы за іх прыкладам”, - сказаў Леў XIV, заклікаўшы бачыць у сваіх бліжніх братоў, якіх трэба паважаць і любіць, і разам з імі будаваць Божае Валадарства.

Святы Айцец узнёс хвалу Богу за сястру Марыю Транкаці, святую салезіянку, якая прысвяціла жыццё служэнню карэнным народам Эквадора. “Спалучаючы медыцынскія навыкі з любоўю да Хрыста, яна лячыла і целы, і сэрцы тых, каму дапамагала, з любоўю і сілай, якую атрымлівала праз веру і малітву. Яе праца, сапраўды нястомная, з’яўляецца прыкладам міласэрнасці, якая не скараецца перад цяжкасцямі, а ператварае іх у магчымасці для поўнага і бескарыснага прынясення сябе ў дар,” - падкрэсліў Леў XIV.

Гаворачы пра святую сястру Вінцэнцу Марыю Палоні, Папа пажадаў, каб яе прыклад спалучэння сацыяльнай дзейнасці з глыбокай эўхарыстычнай духоўнасцю і марыйнай пабожнасцю заахвочваў служыць самым слабым, бо менавіта ў такім служэнні квітнее святасць жыцця.

Леў XIV таксама адзначыў каштоўнасць сведчання, якое даў святы Бартала Лонга праз сваё навяртанне і прысвячэнне ўсіх сваіх сіл учынкам міласэрнасці для цела і душы бліжняга, а таксама папулярызацыі Ружанца. “Ад усяго сэрца раю гэту малітву ўсім – святарам, законнікам, сем’ям, моладзі. Разважаючы над таямніцамі Хрыста вачыма Марыі, мы дзень за днём засвойваем Евангелле і вучымся жыць ім,” - сказаў Папа.

“Дарагія пілігрымы, жадаю вам вярнуцца ў свае землі з сэрцам, поўным удзячнасці, і з гарачым жаданнем ісці шляхам новых святых. Няхай іх заступніцтва вас суправаджае, а іх прыклад натхняе,” - падзяліўся Святы Айцец на заканчэнне прамовы.
 

20 кастрычніка 2025, 11:23