Папа прыняў кіраўніцу Міжнароднай арганізацыі па міграцыі

2 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Эмі Поуп, якая прыбыла ў Рым дзеля ўдзелу ў канферэнцыі “Бежанцы і мігранты ў нашым агульным доме”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча з Папам стала нагодай для абмеркавання крызісу гуманітарнай дапамогі, выкліканага скарачэннем фінансавання, і магчымасцяў супрацоўніцтва паміж Касцёлам і арганізацыямі, што займаюцца падтрымкай мігрантаў.

Эмі Поуп падкрэсліла, што з-за канфліктаў, кліматычных зменаў і росту беднасці колькасць людзей, вымушаных пакідаць свае дамы, няўхільна павялічваецца. Пры гэтым шматлікія ўрады скарацілі падтрымку гуманітарных ініцыятыў, што ўжо закранула каля дзевяці мільёнаў асобаў. “У некаторых выпадках наступствы катастрафічныя”, - адзначыла яна ў інтэрв’ю Vatican News.

Кіраўніца Міжнароднай арганізацыі па міграцыі распавяла, што з Папам абмяркоўвала неабходнасць супольных дзеянняў Касцёла і міжнародных арганізацый у адказ на базавыя патрэбы людзей, а таксама важнасць пераасэнсавання самой праблемы міграцыі.

“Мы таксама гаварылі пра важнасць перафармулявання пытання міграцыі ў гістарычны момант, калі палярызацыя дасягае найвышэйшага ўзроўню”, - сказала Эмі Поуп, падкрэсліўшы, што “пасланне Касцёла пра мігрантаў як крыніцу надзеі і як увасабленне хрысціянскага шляху ўсё яшчэ знаходзіць моцны водгук”.
 

03 кастрычніка 2025, 09:50