Каталіцкі ўніверсітэт "Нуэстра-Сеньёра-дэ-ла-Асунсьён" Каталіцкі ўніверсітэт "Нуэстра-Сеньёра-дэ-ла-Асунсьён"  (Universidad Católica Nuestra Señora de la Asunción)

Папа філосафам: вера і розум разам вядуць чалавека да сапраўднай мудрасці

Сапраўдная мудрасць нараджаецца там, дзе розум адкрыты на веру і Божую ласку, - падкрэсліў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэса па філасофіі, прысвечанага ўзаемасувязі філасофіі, хрысціянства і культуры Лацінскай Амерыкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV падкрэсліў, што філасофія і вера не павінны супрацьпастаўляцца адна адной, бо разам яны адкрываюць чалавеку шлях да праўды і мудрасці. “Вернік не павінен заставацца ўбаку ад таго, што прапануюць філасофскія школы, але ўступаць з імі ў дыялог, зыходзячы са Святога Пісання”, - напісаў Святы Айцец.

На думку Папы, філасофія з’яўляецца прывілеяванай прасторай сустрэчы з тымі, хто не падзяляе дар веры. Ён заклікаў філосафаў-вернікаў сведчыць сваім жыццём аб тым, да чаго заахвочвае апостал Пётр: "Хрыста Пана свяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею." (1 Пт 3:15).

Пантыфік папярэдзіў ад ілюзіі, нібыта чалавек можа дасягнуць праўды толькі розумам і воляй, без Божай ласкі. Ён нагадаў, што філасофія можа ўзыходзіць да вышынь, асвятляць і ўдасканальваць, але без веры яна можа сыходзіць таксама і ў змрочныя бездані песімізму, мізантропіі і рэлятывізму. Сапраўдная мудрасць узнікае там, дзе розум адкрыты на святло веры і Божую ласку, якая вядзе да пазнання годнасці чалавека, да адрознення дабра і зла і да пазнання структуры рэчаіснасці, якая вядзе да Творцы і Адкупіцеля.

Папа нагадаў пра важную ролю дыялогу. Ён заўсёды быў плённым для вялікіх хрысціянскіх мысляроў, тэолагаў і філосафаў, якія паказалі, што чалавечы розум – гэта дар Божы, а яго найвышэйшая мэта — мудрасць, якая праяўляецца ў стварэнні і дасягае сваёй кульмінацыі ў сустрэчы з Хрыстом. Вера і розум не толькі не супярэчаць адно аднаму, але і ўзаемна ўзбагачаюцца. Хрысціянскі філосаф павінен быць жывым напамінам пра сапраўднае філасофскае пакліканне – шчыры і настойлівы пошук мудрасці, асабліва сёння, калі тэхналагічны прагрэс часта засланяе духоўныя, трансцэндэнтныя пытанні.

Філасофія дапамагае разважаць над каштоўнасцямі і недахопамі, прысутнымі ў культуры кожнага народа. Філосафы-хрысціяне аднак не павінны абмяжоўвацца межамі сваёй культуры. Як казаў святы Аўгусцін, праўду трэба любіць не за тое, што яе адкрыў той ці іншы мудрэц або філосаф, але таму, што яна – праўда, нават калі б ніхто з тых філосафаў яе ніколі не пазнаў. Таму заданне філосафаў – размясціць іх у шырэйшы кантэкст сусветнай думкі, а таксама перадаць гэтыя веды біскупам, святарам і місіянерам, каб пасланне Евангелля магло перадавацца больш зразумелай і блізкай усім людзям мовай, - заключыў Леў XIV.

10 кастрычніка 2025, 12:30