Святы Айцец: мы не маем адказаў на ўсе пытанні, але маем Езуса
Марыя Валодзіна - Vatican News
Звяртаючыся да пілігрымаў, якія сабраліся на ватыканскай плошчы, Святы Айцец падкрэсліў, што, дасягнуўшы мэты сваёй пілігрымкі, яны, як вучні Езуса, “павінны навучыцца жыць у новым свеце”. Юбілей робіць іх пілігрымамі надзеі менавіта для гэтага: цяпер усё трэба бачыць у святле ўваскрасення. Любоў перамагла, хоць мы і бачым свет поўны кантрастаў і супярэчнасцяў.
Спадзявацца на тое, чаго не ведаем
Пантыфік спаслаўся на Мікалая Кузанскага, філосафа, дыпламата і кардынала Каталіцкага Касцёла, які жыў у XV стагоддзі. Ён вучыў, што спадзявацца – значыць “не ведаць”. Як піша святы Павел, “бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца?” (Рым 8:24).
Мікалай Кузанскі не бачыў адзінства Касцёла, не бачыў міру ў свеце, але маліўся і думаў, таму яго творы поўныя святла. “Ён верыў у чалавецтва. Ён разумеў, што ёсць супрацьлегласці, якія трэба аб’ядноўваць, што Бог – таямніца, у якой яны знаходзяць адзінства. Ведаў, што не ведае, і таму ўсё лепш разумеў рэальнасць. Які вялікі дар для Касцёла!” – адзначыў Леў XIV.
Касцёл як знаўца чалавечнасці
Кузанскі казаў пра “вучонае невуцтва”, як знак інтэлекту. Галоўны герой некаторых яго твораў – цікаўны персанаж: ідыёт. Гэта просты чалавек, які не вучыўся і задае навукоўцам элементарныя пытанні, якія ставяць іх у тупік. “Тое ж адбываецца і ў сённяшнім Касцёле. Колькі пытанняў выводзяць з раўнавагі яго вучэнне! Пытанні моладзі, пытанні бедных, пытанні жанчын, пытанні тых, каго прымушалі маўчаць або асуджалі, таму што яны адрозніваліся ад большасці”, - заўважыў Папа, дадаючы, што гэтыя пытанні робяць наш час благаслаўлёным, бо, суправаджаючы людзей, Касцёл становіцца знаўцам чалавечнасці.
“Дарагія браты і сёстры! Спадзявацца – значыць не ведаць. У нас няма адказаў на ўсе пытанні, але ёсць Езус. Ідучы за Ім, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым. І становімся народам, у якім супрацьлегласці аб'ядноўваюцца ў адзінства”, - сказаў Леў XIV, дадаючы, што ісці гэтым шляхам надзеі павінен не толькі Касцёл, але і ўсё чалавецтва.
