Пантыфік – езуітам: дапамажыце сучаснаму чалавеку сустрэць Бога

Патрэба ў абвяшчэнні Евангелля сёння такая ж вялікая, як і ў часы святога Ігнацыя Лаёлы, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вышэйшымі настаяцелямі Таварыства Езуса з розных частак свету, якая прайшла 24 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV заўважыў, што Хрыстус працягвае пасылаць сваіх вучняў у свет, пазначаны хуткімі зменамі і выклікамі, якія ставіць штучны інтэлект, кліматычныя праблемы, абыякавасць палітычных сістэм да крыку бедных, папулізм і ідэалагічная палярызаванасць, што паглыбляюць падзелы ўнутры і паміж народамі. Да гэтага Папа дадаў распаўсюджванне спажывальніцтва, індывідуалізму і раўнадушша.

Пантыфік падкрэсліў, што езуіты даўно прысутнічаюць у грамадскім кантэксце, ажыццяўляючы духоўнае кіраўніцтва, служачы бедным і даючы хрысціянскае сведчанне ў культурнай сферы. Паводле Святога Айца, гэта адпавядае візіі святога Ігнацыя Лаёлы і яго паплечнікаў, якія не баяліся няпэўнасці або цяжкасцей, а ішлі туды, дзе вера і розум сустракаліся з новымі культурамі і вялікімі выклікамі.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць прысутнасці Таварыства Езуса на геаграфічных, культурных, інтэлектуальных і духоўных межах свету. Ён заахвоціў сваіх гасцей ісці сінадальным шляхам, слухаючы Святога Духа і адзін аднаго, спрыяць міру і справядлівасці ў свеце, разарваным канфліктамі, няроўнасцю і злоўжываннямі, а таксама садзейнічаць адказнаму выкарыстанню новых тэхналогій.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на выклікі, якія ставіць з’яўленне штучнага інтэлекту. “Ён нясе патэнцыял для развіцця чалавецтва, але таксама рызыку ізаляцыі, страты працы і з’яўлення новых форм маніпуляцыі. Касцёл павінен дапамагаць кіраваць гэтым прагрэсам этычна, абараняючы чалавечую годнасць і спрыяючы агульнаму дабру. Трэба распазнаць, як выкарыстоўваць лічбавыя платформы для евангелізацыі, стварэння супольнасцей і супрацьдзеяння фальшывым багам спажывецтва, улады і самадастатковасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Леў XIV нагадаў езуітам пра іх апостальскія прыярытэты, зацверджаныя ў 2019 годзе Францішкам. Першы – указанне шляху да Бога праз духоўныя практыкаванні і распазнаванне, што адпавядае глыбокаму імкненню чалавечага сэрца.

“На ўсіх кантынентах, нават у секулярызаваных грамадствах, многія шукаюць сэнсу, часта не ўсведамляючы гэтага. Як сказаў святы Аўгусцін: “Ты стварыў нас для сябе, Пане, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе”. Заклікаю вас сустракаць людзей у гэтым неспакоі: у рэкалекцыйных дамах, універсітэтах, сацыяльных сетках, парафіях і месцах нефармальных сустрэч з тымі, хто знаходзіцца ў пошуку. Перадавайце радасць Евангелля з пакорай і перакананнем. Заставайцеся кантэмплятыўнымі ў дзеянні, укаранёнымі ў штодзённую блізкасць з Хрыстом, бо толькі тыя, хто блізкі да Яго, могуць весці да Яго іншых”, - заклікаў Папа.

Гаворачы пра іншыя прыярытэты Таварыства Езуса, Леў XIV згадаў клопат пра бедных і мігрантаў, суправаджэнне моладзі і абарону стварэння. Пантыфік нагадаў, што Касцёл павінен навучыцца гаварыць на мове новых пакаленняў, суправаджаць маладых людзей сваёй прысутнасцю і словам. “Таму важна ствараць прасторы, дзе яны змогуць сустрэць Хрыста, адкрыць сваё пакліканне і працаваць на карысць Божага Валадарства”, - сказаў ён.

Леў XIV падкрэсліў, што тэрміновая патрэба абвяшчэння Евангелля сёння з’яўляецца такой жа вялікай, як і ў часы святога Ігнацыя Лаёлы. Ён заклікаў езуітаў дапамагчы людзям убачыць, як Бог абнаўляе ўсё. “Ваша місія, дарагія браты, – дапамагчы свету заўважыць гэту навізну – сеяць надзею там, дзе, здаецца, пераважае роспач, несці святло туды, дзе пануе цемра”, - сказаў Папа, падкрэсліўшы, што для гэтага важна заставацца ў блізкасці з Езусам праз асабістую малітву, цэлебрацыю сакрамэнтаў, ушанаванне Яго Святога Сэрца, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту і распазнаванне Яго прысутнасці ў супольным жыцці.
 

24 кастрычніка 2025, 15:57