Папа Леў XIV Папа Леў XIV  (@Vatican Media)

Леў XIV заклікаў да спынення агню ў М'янме і міру ва ўсім свеце

Перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 19 кастрычніка 2025 года на Плошчы Святога Пятра, Папа заклікаў да спынення агню ў М'янме і міру на апаленых вайной землях, асабліва ва Украіне і Святой Зямлі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік заклікаў да спынення агню ў М'янме, назваўшы навіны, якія паступаюць з гэтай краіны, "балючымі": паведамляюць пра пастаянныя ўзброеныя сутыкненні і авіяцыйныя бамбардзіроўкі, у тым ліку па насельніцтву і аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры. Святы Айцец выказаў сваю блізкасць да тых, хто пакутуе ад гвалту і шматлікіх цяжкасцей. "Я зноў звяртаюся са шчырым заклікам да неадкладнага і эфектыўнага спынення агню. Няхай прылады вайны саступяць месца прыладам міру дзякуючы інклюзіўнаму і канструктыўнаму дыялогу”, - заклікаў ён.

Леў XIV даверыў заступніцтву Панны Марыі і новых святых няспынную малітву за мір – у Святой Зямлі, ва Украіне і ў іншых месцах, якія пацярпелі ад вайны. “Няхай Бог дасць усім лідарам мудрасць і настойлівасць для прасоўвання наперад у пошуку справядлівага і трывалага міру”, - заклікаў ён.

Папа нагадаў пра Сусветны дзень місій, які адзначаецца 19 кастрычніка. "Увесь Касцёл місійны, але сёння мы асабліва молімся за тых мужчын і жанчын, якія пакінулі ўсё, каб несці Евангелле тым, хто яшчэ не ведае яго. Яны місіянеры надзеі сярод народаў. Няхай Пан благаславіць іх!” - сказаў ён.

Святы Айцец ад усяго сэрца прывітаў усіх, хто прыняў удзел у “вялікім свяце святасці”, маючы на ўвазе ўрачыстую кананізацыйную Імшу, падчас якой ён кананізаваў сем благаслаўлёных. Ён падзякаваў Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі і Лівана, высокім афіцыйным дэлегацыям з Арменіі і Венесуэлы, а таксама кардыналам, патрыярхам і біскупам, якія прысутнічалі на ватыканскай плошчы.

19 кастрычніка 2025, 13:28