Падчас папскай Імшы з нагоды Юбілею Супрацоўнікаў Цырыманіяльных Службаў і Канстытуцыйных Органаў Падчас папскай Імшы з нагоды Юбілею Супрацоўнікаў Цырыманіяльных Службаў і Канстытуцыйных Органаў  (@Vatican Media)

Папа – дзяржслужачым: калі дзяржава не раскайваецца, яна гіне

“Калі дзяржава не раскайваецца ў несправядлівасці і карупцыі, яна рызыкуе загінуць”, - з такім заклікам да служачых дзяржаўных устаноў звярнуўся Леў XIV.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13, 3.5): гэтыя словы з Евангелля сталі цэнтральнымі ў гаміліі, якую Папа прамовіў 25 кастрычніка 2025 года падчас Імшы з нагоды Юбілею Супрацоўнікаў Цырыманіяльных Службаў і Канстытуцыйных Органаў. Пантыфік падкрэсліў, што гэты заклік да навяртання тычыцца не толькі кожнага чалавека, але і ўсёй дзяржавы.

Святы Айцец патлумачыў, што грэчаскае слова “metanoia” азначае змену мыслення, пераўтварэнне спосабу жыцця і дзеянняў. Гэта штодзённая праца, якая надае сэнс жыццю. "Перад абліччам пакут і выпрабаванняў гісторыі Евангелле нагадвае нам, што жыць без надзеі – значыць заставацца нерухомымі ў пэўнасці смерці, у той час як навяртанне жыцця да надзеі, якую ўлівае ў нас Хрыстус, азначае несці ў сэрцы святло Уваскрослага", - сказаў Папа.

Навяртанне тычыцца кожнага грамадзяніна і дзяржавы ў цэлым

Звяртаючыся да ўдзельнікаў літургіі, Леў XIV нагадаў, што Канстытуцыя Італіі мудра абвяшчае: “la Repubblica è fondata sul lavoro” (“Рэспубліка грунтуецца на працы”). Менавіта сумленнай працай будуецца дзяржава і клапоціцца пра агульнае дабро. У гэтай сферы, па словах Пантыфіка, супрацоўнікі цырыманіяльных службаў пакліканы даваць добрае сведчанне.

Падчас папскай  Імшы з нагоды Юбілею Супрацоўнікаў Цырыманіяльных Службаў і Канстытуцыйных Органаў
Падчас папскай Імшы з нагоды Юбілею Супрацоўнікаў Цырыманіяльных Службаў і Канстытуцыйных Органаў   (@VATICAN MEDIA)

"Цырыманіял ніколі не ўшаноўвае сам сябе, але дзейнічае на службе інстытутаў і, такім чынам, грамадзян, якіх яны прадстаўляюць. Як захавальнікі гэтага парадку, вы прысвячаеце сябе карысці народа, прапаноўваючы сваю кампетэнцыю, каб грамадскія органы выяўлялі добрыя адносіны і маглі функцыянаваць як мага лепш", - падкрэсліў Святы Айцец.

Тры ўзоры для пераймання

У якасці ўзораў для пераймання Пантыфік назваў тры постаці. Першая – Слуга Божы Альчідэ Дэ Гасперы, адзін з айцоў-заснавальнікаў Італьянскай Рэспублікі, чый беатыфікацыйны працэс працягваецца. Другая – Сальва Д’Аквіста, карабінер, які ахвяраваў жыццё дзеля сваіх суграмадзян падчас вайны. Трэці сведка – благаслаўлёны Разарыё Ліваціна, першы ў гісторыі суддзя, прызнаны мучанікам.

Ён нагадаў, што Ліваціна пісаў на сваіх нататках “Sub tutela Dei” (“Пад Божай апекай”). "Пад Божай апекай з даверам знаходзімся і мы, працуючы кожны дзень як слугі праўды і ткачы адзінства. Дзяржава, па сутнасці, змяняецца да лепшага, калі кожны адчувае за яе адказнасць, сілкуючы самымі высокімі духоўнымі каштоўнасцямі сваё грамадзянскае пачуццё і інстытуцыйны абавязак", - завяршыў сваю гамілію Папа Леў XIV.
 

27 кастрычніка 2025, 11:08