Леў XIV да святароў: Сэрца Хрыста вучыць любові і спагадзе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
20 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі супольнасць Папскага партугальскага калегіума – святароў, клерыкаў і свецкіх вернікаў з Партугаліі, якія атрымліваюць адукацыю ў Рыме.
Пантыфік нагадаў сваім гасцям, што місія абвяшчэння Евангелля, да якой яны рыхтуюцца, патрабуе ўмацавання сінадальнага стылю і адзінства. “Калі мы, дзеля чалавечага развіцця і Божай славы, прыслухоўваемся адзін да аднаго і паважаем тое, што Святы Дух абуджае ў кожным верніку, мы з большай яснасцю і ўпэўненасцю распазнаём знакі часу, працуючы разам над будаваннем Божага Валадарства”, - сказаў ён, заклікаючы сваіх гасцей падчас вучобы ў Рыме ўсё больш і больш “трэніравацца ў мастацтве слухання, што вельмі важна для адзінства паміж намі, вучнямі Пана”.
Святы Айцец нагадаў, што Папскі партугальскі калегіум у Рыме быў заснаваны Львом XIII у Юбілейны 1900 год. У сувязі з гэтым ён прапанаваў паразважаць над двума вымярэннямі, якія асаблівым чынам выяўляе Юбілей: паўсюднасцю Касцёла і Божай міласэрнасцю.
Папа заклікаў сваіх гасцей скарыстаць магчымасць сустрэчы з шматлікімі пілігрымамі для абмену дарамі, досведам і сведчаннем, каб спрыяць разнастайнасці ў адзінстве Касцёла, а таксама ўсё больш злучацца з Хрыстовым сэрцам, каб навучыцца ад Яго сапраўднай міласэрнасці.
“На самай справе святар, якой бы ні была яго місія, заўсёды павінен знаходзіць у ёй магчымасць прыпадобніцца да Добрага Пастыра: яму патрэбна не толькі сэрца з плоці – чалавечае і мудрае сэрца, – але і сэрца, падобнае да сэрца Езуса, якое заўсёды злучанае з Айцом, горача любіць Касцёл і напоўнена спагадай”, - сказаў Пантыфік.
“Знаходзячыся ў прысутнасці Пана пасля напружаных дзён працы, вы можаце знайсці ў Ім адпачынак і аднавіць адзінства жыцця. Заўсёды прасіце Пана аб сэрцы, здольным любіць Касцёл як Ён, які “аддаў сябе за яго”; маліцеся за сваіх біскупаў, свае дыяцэзіяльныя супольнасці і ўжо цяпер – за вернікаў, якім вы будзеце служыць заўтра ў сваіх краінах. Захоўвайце еднасць з Панам Езусам праз слуханне Яго Слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, адарацыю, духоўнае распазнаванне і братэрскую дабрыню паміж вамі”, - параіў Святы Айцец.
Леў XIV выказаў пажаданне, каб Папскі партугальскі калегіум быў сапраўдным домам, у якім пануе адзінства і гасціннасць. Ён нагадаў, што падчас Другой сусветнай вайны ў гэтай установе хавалі яўрэяў ад пераследу, за што яна атрымала тытул “Дом жыцця”. “Гэта назва з’яўляецца адначасова спадчынай і адказнасцю ў вашай штодзённай працы па будаўніцтве братэрства”, - падкрэсліў Пантыфік.
