Папа падзякаваў пілігрымам з Бурундзі за сведчанне міласэрнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У прамове да брацтва арцыбіскупа Майкла Кортні з Бурундзі, Леў XIV нагадаў словы, якімі яго папярэднік абвясціў Юбілей: Spes non confundit – Надзея не расчаруе (Рым 5:5). “Наша надзея – гэта Езус Хрыстус! Ён, і толькі Ён, – надзея Касцёла і ўсяго свету! Мы ўсведамляем, што сёння свет мае патрэбу ў гэтай надзеі, таму мы адпраўляемся ў пілігрымку, каб сустрэць Яго і зноў паставіць у цэнтр нашага жыцця”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падзякаваў гасцям за адданасць справе ўразлівых людзей і захаванне памяці арцыбіскупа Майкла Кортні, апостальскага нунцыя які аддаў жыццё за мір у Бурундзі. Ён назваў супольнасць “сям'ёй, блізкай да Папы ў Бурундзі”. Такія ініцыятывы, як узвядзенне помніка на месцы забойства арцыбіскупа Кортні ў Мінага, будаўніцтва медыцынскага цэнтра, штодзённыя справы міласэрнасці і дапамогі патрабуючым, з’яўляюцца моцным сведчаннем веры і пасланнем Касцёла ў гэтай афрыканскай краіне.
Пантыфік запэўніў супольнасць у сваёй самай шчырай падтрымцы і заклікаў захоўваць надзею на лепшы свет і ўпэўненасць у тым, што іх намаганні прынясуць плён і будуць узнагароджаны. Даручыўшы пілігрымаў і іх краіну апецы Маці Божай Ружанцовай, Папа ад усяго сэрца ўдзяляў апостальскае благаслаўленне іх сем’ям і ўсім дабрачынцам, якія працуюць дзеля ўсебаковага развіцця народа Бурундзі.
