Папа – пілігрымам з Эстоніі: будзьце сведкамі адзінства і міру

Леў XIV сустрэўся з пілігрымамі з Эстоніі, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею. Пантыфік пажадаў, каб візіт у Вечны горад дапамог ім умацавацца ў надзеі і дзяліцца верай, абвяшчаючы Евангелле простымі штодзённымі ўчынкамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Аўдыенцыя адбылася раніцай 24 кастрычніка 2025 года ў Апостальскім палацы Ватыкана. Папа асаблівым чынам прывітаў двух нядаўна пасвячаных святароў, падкрэсліўшы, што іх згода служыць Богу і Касцёлу з’яўляецца знакам надзеі для хрысціянскай супольнасці іх краіны. “Няхай ваш адказ на пакліканне натхняе многіх ісці за вашым прыкладам!”, - сказаў ён.

Іншым знакам надзеі для Касцёла ў Эстоніі Святы Айцец назваў узвышэнне Апостальскай адміністратуры Эстоніі да рангу дыяцэзіі, якое адбылося ў 2024 годзе. Ён заклікаў эстонскіх католікаў маліцца адзін за аднаго і за свайго біскупа, каб іх адзінства як супольнасці веры заўсёды сілкавалася Панам і прыцягвала новых вернікаў. Папа выказаў надзею, што пілігрымка ў Рым умацуе сувязі Касцёла ў Эстоніі з Наступнікам святога Пятра.

Пантыфік прывітаў таксама некатолікаў, якія ўдзельнічалі ў пілігрымцы: лютэран, прадстаўнікоў іншых канфесій і групу людзей, што дапамагалі ў арганізацыі беатыфікацыі арцыбіскупа Эдуарда Профітліха, якая нядаўна адбылася ў Таліне.

“Ваша экуменічнае сведчанне, якое ўзрастае праз супольнае пілігрымаванне, з’яўляецца каштоўным адлюстраваннем сведчання благаслаўлёнага Эдуарда і поўнай процілегласцю нянавісці, якая так трагічна праявілася падчас пераследу Касцёла савецкім рэжымам. І сёння, як вам вядома, мы ўсё яшчэ бачым, што ў Еўропе працягвае дзейнічаць логіка вайны. Заклікаю вас горача маліцца за мір, асабліва падчас вашага знаходжання ў Рыме”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне аўдыенцыі Леў XIV запэўніў сваіх гасцей у малітве і даручыў іх апецы Марыі, Маці Касцёла.
 

24 кастрычніка 2025, 12:30