Папа да расійскіх пілігрымаў: будзьце ўзорам любові і братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 кастрычніка 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў з Расіі, якія прыбылі ў Рым у юбілейную пілігрымку.
У сваім прывітальным слове Папа падкрэсліў, што пілігрымка – гэта духоўнае падарожжа ў пошуку сэнсу жыцця (Юбілейная була “Spes non confundit”, 5). Тысячы людзей ідуць па вуліцах Вечнага горада, каб прайсці праз Святыя брамы, спыніцца ля магіл апосталаў і пакутнікаў і напоўніць свае сэрцы надзеяй на шматлікіх дарогах веры, якія перасякаюць Рым.
Святы Айцец адзначыў, што прысутнасць расійскіх пілігрымаў у Рыме працягвае доўгую традыцыю наведвання месцаў, дзе б'ецца сэрца хрысціянскага духу. Гэта горад, у якім побач з манументамі антычнасці ўзвышаюцца базілікі, святыні, кляштары і многія іншыя знакі жывой веры, укаранёнай у сэрцах людзей, здольнай ператвараць свядомасць і матываваць на дабро. Гэты горад становіцца сімвалам чалавечага жыцця, дзе побач з пакутамі і выпрабаваннямі жывуць вера, любоў і надзея на тое, што Пан здольны пабудаваць новы свет і аднавіць жыццё нават на руінах.
Папа нагадаў, што кожны хрысціянін з’яўляецца жывым каменем у духоўным будынку Касцёла. Кожны камень, нават самы малы, мае ў Божай задуме сваё месца і прызначэнне. Езус падбадзёрваў сваіх вучняў, кажучы: “Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства” (Лк 12:32). Пантыфік пажадаў гасцям вярнуцца з пілігрымкі на сваю зямлю, каб працягваць шлях хрысціянскага жыцця і быць гатовымі несці адказнасць за свае супольнасці і мясцовы Касцёл. “Няхай вашыя сем'і, вашы парафіяльныя і дыяцэзіяльныя супольнасці даюць прыклад любові, братэрства, салідарнасці і ўзаемнай павагі ўсім людзям, сярод якіх вы жывяце, працуеце і вучыцеся. Менавіта так можна запаліць агонь хрысціянскай любові, здольнай разагрэць холад сэрцаў, нават самых скамянелых”, - сказаў Папа.
Леў XIV нагадаў пра дар Папы Францішка – абраз Salus Populi Romani, які падарожнічае па каталіцкіх дыяцэзіях Расіі як знак Святога Года. Ён пажадаў, каб гэтая перыгрынацыя стала падтрымкай для вернікаў і іх сем'яў, асабліва для хворых і тых, хто пакутуе, а таксама заклікала да сустрэчы з Богам праз малітву, чытанне Святога Пісання і дабрыню да бліжніх.
У завяршэнне Папа даручыў пілігрымаў апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай і Каралевы міру, і ад усяго сэрца благаславіў прысутных.
