Святы Айцец: адкрываць новыя шляхі для перадачы веры

Глядзець на прыклад Апостала Народаў, які з радасцю абвяшчаў Евангелле, нягледзячы нават на цяжкасці і пераслед, заклікаў Папа манахінь з кангрэгацыі Дачок святога Паўла, якіх 2 кастрычніка 2025 года прыняў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік адзначыў, што ў цэнтры апостальскай дзейнасці гэтай манаскай супольнасці знаходзіцца евангелізацыя. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не “пра перадачу абстрактных праўдаў ці агульных звестак, але пра ўваход у канкрэтную гісторыю, прыняцце пытанняў і трывог, якія нараджаюцца з рэальнага жыцця, прамаўленне на мове людзей нашага часу”.

Леў XIV прапанаваў манахіням практыкаваць дзве важныя жыццёвыя паставы: “глядзець угару” і “занурацца ўглыб”. Ён патлумачыў, што першая пастава азначае адкрытасць на дзейнасць Святога Духа, які з’яўляецца “галоўнай дзеючай асобай місіянерства”.

“Гэта Дух штурхае нас наперад, памнажае нашы таленты, аднаўляе нас у стомленасці, сагравае нашы сэрцы, калі астывае радасць, асвятляе нашы крокі і дае крэатыўныя інтуіцыі, каб мы станавіліся здольнымі адкрываць новыя шляхі для перадачы веры”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Гаворачы пра другую паставу, Папа адзначыў, што яна азначае занурэнне ўглыб сітуацый, бо позірк, скіраваны ўгару, ніколі не з’яўляецца ўцёкамі ад рэчаіснасці, але павінен весці да наследавання Хрыста, які ўцелавіўся, каб несці параненаму чалавецтву любоў Нябеснага Айца.

Леў XIV назваў каштоўным служэннем для свету і Касцёла разнастайную дзейнасць Дачок святога Паўла: выдавецкую працу, прысутнасць у лічбавым асяроддзі, кіраванне кнігарнямі, удзел у радыё- і тэлепраектах, а таксама біблійную фармацыю. Ён заклікаў законніц не падаць духам перад цяжкасцямі і абмежаванымі магчымасцямі, але разважаць над тым, як захаваць харызмат праз смелыя і адказныя рашэнні.

На заканчэнне прамовы Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць жыцця ў адзінстве. “Трэба сачыць за тым, каб не было падзелу паміж тым, што мы прапаведуем, і нашай штодзённасцю”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што толькі так сведчанне манахінь будзе паслядоўным і вартым даверу.
 

02 кастрычніка 2025, 10:56