Святы Айцец: Марыя вядзе за Езусам да бедных і грэшнікаў

Шлях Марыі вядзе за Езусам, а шлях Езуса вядзе да кожнага чалавека, асабліва да бедных, параненых і грэшнікаў. Таму сапраўдная марыйная духоўнасць робіць прысутнай у Касцёле пяшчоту Бога, нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 кастрычніка 2025 года Леў XIV узначаліў святую Імшу з нагоды Юбілею марыйнай духоўнасці. У літургіі, якая адбылася на Плошчы Святога Пятра, бралі ўдзел тысячы прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў, рухаў і аб’яднанняў свецкіх вернікаў, якія асаблівым чынам ушаноўваюць Найсвяцейшую Панну Марыю.

“Марыйная духоўнасць, якая сілкуе нашу веру, мае ў цэнтры Езуса. Падобна да нядзелі, якая адкрывае кожны новы тыдзень у перспектыве Яго ўваскрасення з памерлых”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што нядзеля павінна “рабіць нас хрысціянамі, гэта значыць напаўняць нашы пачуцці і думкі светлай памяццю пра Езуса, змяняючы наша жыццё, наш лад жыцця на зямлі”.

“Марыйная духоўнасць знаходзіцца на службе Евангеллю: яна паказвае яго прастату”, - падкрэсліў Папа, адзначыўшы, што наша любоў да Марыі з Назарэта робіць нас разам з Ёй вучнямі Езуса. Яна “вучыць нас вяртацца да Яго, разважаць і злучаць паміж сабой падзеі нашага жыцця, у якіх Уваскрослы ўсё яшчэ наведвае і кліча нас”.

“Марыйная духоўнасць занурае нас у гісторыю, над якой адкрылася неба. Яна дапамагае нам бачыць пыхлівых, рассеяных у думках сваіх сэрцаў, магутных, скінутых з тронаў, і багатых, адпраўленых з пустымі рукамі. Гэта падштурхоўвае нас дабром насычаць галодных, узвышаць пакорных, памятаць пра міласэрнасць Бога і давяраць моцы Яго правіцы”, - сказаў Папа, дадаўшы, што будаванне Божага Валадарства патрабуе таксама і нашага ўдзелу – па прыкладзе Марыі, якая аднойчы сказала “так” Пану, а потым аднаўляла сваю згоду кожны дзень.

Святы Айцец заклікаў сцерагчыся такіх формаў пабожнасці, якія не вядуць нас да наследавання Езуса, якія “не яднаюць нас з братамі і робяць сэрца неадчувальным”. “Тады мы не перажываем сапраўднай сустрэчы з тымі, каго Бог ставіць на нашым шляху, не ўдзельнічаем, як рабіла Марыя, у ператварэнні свету і радасці “Магніфікату”. Будзем жа сцерагчыся ўсякай інструменталізацыі веры, якая пагражае ператвараць розных людзей – часта бедных – у ворагаў, у “пракажоных”, якіх трэба пазбягаць і праганяць”, - сказаў ён.

“Шлях Марыі вядзе за Езусам, а шлях Езуса вядзе да кожнага чалавека, асабліва да бедных, параненых і грэшнікаў. Таму сапраўдная марыйная духоўнасць робіць прысутнай у Касцёле пяшчоту Бога”, - адзначыў Пантыфік, нагадаўшы словы Папы Францішка з Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”: “Кожны раз, калі мы глядзім на Марыю, пачынаем зноў верыць у пераможную моц далікатнасці і чуласці. У Ёй заўважаем, што пакора і далікатнасць – гэта не цноты слабых, але моцных, якія не імкнуцца дрэнна ставіцца да іншых, каб адчуваць сваю перавагу. Гледзячы на Яе, мы адкрываем, што тая, якая праслаўляла Бога, які “скінуў магутных з тронаў”, а “багатых ні з чым адправіў” (Лк 1,52–53), з’яўляецца той, якая ўносіць цяпло хатняга агню ў нашыя пошукі справядлівасці” (н. 288).

“Дарагія, у гэтым свеце, спрагнёным справядлівасці і міру, будзем захоўваць жывой хрысціянскую духоўнасць, народную пабожнасць адносна тых падзеяў і месцаў, якія, благаслаўлёныя Богам, назаўсёды змянілі аблічча зямлі. Няхай яны стануць для нас рухавіком аднаўлення і ператварэння, як патрабуе Юбілей – час навяртання і вяртання, роздуму і вызвалення. Няхай за нас заступаецца Найсвяцейшая Марыя, наша надзея, і зноў, цяпер і навекі, няхай вядзе нас да Езуса, укрыжаванага Пана. У Ім – збаўленне для ўсіх”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

12 кастрычніка 2025, 12:08