Папа да кансэкраваных асоб: сведчыць пра першынства Бога ў жыцці

Папа нагадаў, што сапраўднае шчасце чалавек знаходзіць не ў мімалётных задавальненнях, а ў трывалым досведзе любові, якая мае крыніцу ў Богу. Ён заклікаў кансэкраваных асоб быць знакам надзеі і будучых дабротаў для ўсяго чалавецтва.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 кастрычніка 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа Леў XIV узначаліў святую Імшу з нагоды Юбілею кансэкраванага жыцця, падчас якога ў Рыме сабраліся 16 тысяч законнікаў, законніц і кансэкраваных свецкіх вернікаў з каля сотні краін свету.

Папа пачаў сваю гамілію словамі з евангельскага чытання: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам”. “Гэтымі словамі Езус запрашае нас з даверам звяртацца да Айца ва ўсіх нашых патрэбах”, - нагадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што “прасіць” – значыць прызнаваць сваю залежнасць ад Бога і ўдзячна прымаць Яго дары; “шукаць” – паслухмяна адкрывацца на Божую волю і штодзённа аднаўляць шлях да святасці; “стукаць” – прасіць аб Божых дарах і дзяліцца імі з бліжнімі ў духу любові і бескарыслівасці.

Святы Айцец нагадаў удзельнікаў Юбілею, што ўсе яны былі выбраны Панам, а таксама заклікаў іх быць жывымі сведкамі першынства Бога ў сваім жыцці, дапамагаючы такім чынам іншым братам і сёстрам, якіх сустракаюць, развіваць сяброўства з Ім.

Леў XIV нагадаў, што плёнам сапраўднай сустрэчы з Богам з’яўляюцца велікадушныя справы міласэрнасці – гэта пацвярджае жыццё заснавальнікаў шматлікіх манаскіх супольнасцяў, якія былі закаханыя ў Пана і таму гатовыя стаць “усім для ўсіх”, - сказаў ён.

Папа адзначыў, што сёння нярэдка можна пачуць словы, нібыта служыць Богу – марная справа. Ён падкрэсліў, што такі спосаб мыслення можа прывесці да сапраўднага паралічу душы – да задавальнення жыццём, якое складаецца з мімалётных імгненняў, павярхоўных і нетрывалых адносін, з хуткаплынных модаў, што пакідаюць у сэрцы пустэчу.

“Каб быць па-сапраўднаму шчаслівым, чалавеку не патрэбна ўсё гэта, але глыбокі, трывалы, моцны досвед любові”, - сказаў Пантыфік, адзначыўшы, што кансэкраваныя асобы, прыкладам свайго жыцця, падобна да дрэваў, могуць распаўсюджваць у свеце кісларод такога досведу.

Святы Айцец заклікаў законнікаў, законніц і кансэкраваных свецкіх вернікаў захоўваць эсхаталагічнае вымярэнне сваёй місіі – гэта значыць жыць на зямлі, але з позіркам, скіраваным да вечнасці, быць сведкамі “будучых дабротаў”, людзьмі, якія праз сваё жыццё нагадваюць свету пра вечную мэту кожнага чалавека.
 

09 кастрычніка 2025, 11:20