Леў XIV: дапамагчы людзям перажыць старасць па-хрысціянску

Касцёл павінен дапамагаць людзям перажываць старасць па-хрысціянску, без прэтэнзіі заўсёды заставацца маладымі і не паддаючыся роспачы, падкрэсліў Леў XIV.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

3 кастрычніка 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў ІІ Міжнароднага кангрэсу па душпастырстве пажылых. Ён адзначыў, што пажылыя людзі – гэта дар і благаслаўленне, якое трэба прыняць, а падаўжэнне жыцця – станоўчая з’ява і адзін з знакаў надзеі нашага часу. “Вядома, гэта таксама выклік, бо ўзрастаючая колькасць пажылых – гістарычна беспрэцэдэнтная з’ява, якая патрабуе новага распазнання і разумення”, - дадаў Пантыфік.

Старасць – наш агульны лёс

“Пажылы ўзрост – гэта, перш за ўсё, дабратворны напамін пра ўсеагульную дынаміку жыцця. Сённяшні пануючы менталітэт схільны надаваць каштоўнасць існаванню толькі тады, калі яно прыносіць багацце ці поспех, калі валодае ўладай ці аўтарытэтам, забываючы, што чалавек заўсёды абмежаваная і патрабуючая істота. Слабасць, якая праяўляецца ў пажылых, нагадвае нам пра гэтую агульную праўду: таму яна часта хаваецца ці адкідваецца тымі, хто пестуе зямныя ілюзіі, каб не бачыць перад сабою выявы таго, кім мы непазбежна станем”, - сказаў Папа.

Пажылыя вучаць прасіць дапамогі ў Бога і бліжніх

Па словах Святога Айца, карысна ўсведамляць, што старэнне – гэта “частка таго цуду, якім мы з’яўляемся”. “Гэтая крохкасць, калі ў нас хопіць смеласці прызнаць яе, прыняць і паклапаціцца пра яе, з’яўляецца мастом да неба”, - дадаў Пантыфік, заклікаўшы не саромецца чалавечай слабасці.

“Пажылыя людзі вучаць нас, што збаўленне заключаецца не ў аўтаноміі, а ў пакорным прызнанні ўласнай патрэбы і ва ўменні свабодна яе выказваць, так што мера нашай чалавечнасці вызначаецца не тым, што мы можам здабыць, але здольнасцю дазволіць сябе любіць і, калі трэба, прыняць дапамогу”, - адзначыў Леў XIV, цытуючы словы свайго папярэдніка Францішка.

Душпастырства з пажылымі і для пажылых

На думку Папы, Касцёл павінен дапамагаць людзям перажываць старасць па-хрысціянску, без прэтэнзіі на тое, каб заўсёды заставацца маладымі і не паддаючыся роспачы. Ён заклікаў больш актыўна заахвочваць пажылых людзей да ўдзелу ў касцельным жыцці, у катэхезе і іншых формах душпастырскага служэння. Леў XIV падкрэсліў таксама важнасць евангелізацыйнага і місіянерскага душпастырства пажылых, “бо Касцёл заўсёды пакліканы абвяшчаць Езуса, Хрыста Збаўцу, кожнаму чалавеку, у кожным узросце і на кожным этапе жыцця”.

“Там, дзе пажылыя самотныя і адкінутыя, гэта будзе азначаць прынесці ім радасную навіну пяшчоты Пана, каб разам з імі перамагчы цемру самоты – вялікага ворага жыцця пажылых. Няхай ніхто не будзе пакінутым! Няхай ніхто не адчувае сябе непатрэбным!” - пажадаў Папа, заклікаючы ўцягваць пажылых людзей у місіянерскую дынаміку, у якой яны будуць сведкамі надзеі, асабліва дзякуючы сваёй мудрасці, пабожнасці і жыццёваму досведу.
 

03 кастрычніка 2025, 10:53