Разбуральны пажар у Ганконгу: Папа моліцца за ахвяр
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа быў засмучаны паведамленнем пра пажар і запэўнівае ў сваёй духоўнай салідарнасці ўсіх, хто пацярпеў ад наступстваў гэтага бедства, асабліва параненых і сем’і ў жалобе, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.
Святы Айцец даручае душы памерлых любячай міласэрнасці Усемагутнага і ўзносіць малітвы за супрацоўнікаў ратавальных службаў, якія працягваюць аказваць медыцынскую дапамогу пацярпелым і шукаць тых, хто ўсё яшчэ лічыцца зніклым, адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.
Пажар у раёне Тай По стаў самым разбуральным у гісторыі Ганконга – аднаго з найбольш густанаселеных гарадоў свету. За суткі агонь цалкам знішчыў сем 31-павярховых будынкаў, у якіх пражывала амаль пяць тысяч чалавек. Дакладная прычына трагедыі пакуль не ўстаноўлена. Хуткаму распаўсюджванню полымя садзейнічалі вецер і бамбукавыя будаўнічыя рыштаванні, абцягнутыя сеткай. Хмарачосы былі пакрытыя імі з прычыны рамонтных прац.
