Апостальскае падарожжа Паўла VI ў Турцыю Апостальскае падарожжа Паўла VI ў Турцыю 

Гісторыя апостальскіх падарожжаў у Турцыю: ад Паўла VI да Льва X

Леў XIV накіруецца ў сваё першае апостальскае падарожжа ў Турцыю з 27 па 30 лістапада 2025 года, адкуль з 30 лістапада па 2 снежня пераедзе ў Ліван. Ён крочыць па слядах сваіх папярэднікаў: Павел VI пабываў у Турцыі ў 1967, Ян Павел II – у 1979, Бэнэдыкт XVI – у 2006 і Францішак – у 2014 годзе.

Тэкст: Амедэа Ламонака / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна

Падарожжа ў Турцыю – гэта вяртанне да вытокаў веры, да каранёў хрысціянства. Папа Леў XIV стане пятым Пантыфікам, які наведае гэтую краіну. Сваё першае апостальскае падарожжа, якое ахоплівае таксама і Ліван, ён распачне менавіта ў Турцыі з нагоды 1700-годдзя першага Нікейскага Сабора, значэнне якога і сёння застаецца актуальным.

Мэтай візіту з’яўляецца паглыбленне братэрства і дыялогу паміж Усходам і Захадам. Леў XIV здзяйсняе жаданне Францішка, які жадаў адзначыць гэты гістарычны Сабор, скліканы рымскім імператарам Канстанцінам у 325 годзе. У юбілейнай буле “Spes non confundit” Францішак называе Нікейскі Сабор “важнай вяхой у гісторыі Касцёла” і адначасова запрашэннем для ўсіх Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў “ісці па шляху да выразнай еднасці”.

Менавіта ў Нікеі было сфармулявана хрысціянскае credo. Гэтай малітве будзе прысвечаны адзін з этапаў падарожжа Льва XIV. Ён прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы, якая пройдзе каля археалагічных раскопак базілікі святога Неафіта ў Ізніку, старажытнай Нікеі, што ў ста кіламетрах ад Стамбула.

Апостальскае падарожжа Паўла VI у 1967 годзе

Першым Пантыфікам, які здзейсніў апостальскае падарожжа ў Турцыю, стаў Павел VI. Гістарычны візіт 25-26 ліпеня 1967 года прайшоў на зямлі, якая з’яўляецца мостам паміж Еўропай і Азіяй. Напярэдадні яго прыбыцця паўсюль адчувалася напружанае чаканне. У Стамбуле, старажытным Канстанцінопалі і вялікай метраполіі Усходу, дзе былі напісаны славутыя старонкі гісторыі хрысціянства, мясцовая супольнасць рыхтавалася да сустрэчы з Біскупам Рыма. Нягледзячы на землятрус, які 22 ліпеня 1967 года скалануў краіну, касцёлы былі перапоўненыя вернікамі. Католікі і іншыя хрысціяне, якія адпачывалі на курортах Турцыі, накіраваліся ў Стамбул, Эфес і Ізмір, каб не прапусціць вялікую падзею.

Апостальскае падарожжа Паўла VI у Турцыю
Апостальскае падарожжа Паўла VI у Турцыю

Абдымкі з Патрыярхам Афінагорам

Адзін з першых яркіх момантаў пасля прызямлення Папы – яго братэрскія абдымкі з Сусветным Патрыярхам Афінагорам, з якім ён ужо сустракаўся ў Іерусаліме ў 1964 годзе. Гэтыя незабыўныя абдымкі пераклікаліся са словамі з ліста Папы да “ўлюбёнага брата” Афінагора. У ім Павел VI выказаў “палымянае жаданне ўбачыць здзейсненай малітву Пана”: “каб усе былі адно”. “Гэтае жаданне натхняе рашучую волю зрабіць усё магчымае, каб наблізіць дзень, калі будзе адноўлена поўная еднасць паміж Цэрквамі Захаду і Усходу”, - напісаў Павел VI.

Падчас цырымоніі прывітання, звяртаючыся да тагачаснага кіраўніка дзяржавы Джэўдэта Суная, Папа падкрэсліў, што яго візіт у Турцыю закліканы стаць “сведчаннем сяброўства і павагі, якія Каталіцкі Касцёл адчувае да турэцкага народа”.

Разуменне глыбокай еднасці

Адна з цэнтральных падзей падарожжа Паўла VI прайшла ў праваслаўнай царкве святога Георгія ў Фанары, дзе Папу сустрэў Патрыярх Афінагор. Яго словы прагучалі як заклік, актуальны і сёння: "У святле нашай любові да Хрыста і ў братэрскай любові адзін да аднаго мы ўсё больш адкрываем глыбокую тоеснасць нашай веры, у той час як пункты, па якіх мы ўсё яшчэ не згодныя, не павінны перашкаджаць нам разумець гэтую глыбокую еднасць". Патрыярх Афінагор таксама нагадаў, што мэта заключаецца ў тым, каб "аб'яднаць тое, што падзелена, з дапамогай узаемных царкоўных дзеянняў усюды, дзе гэта магчыма, падкрэсліваючы агульныя пункты веры і праўлення”.

Успамін Бэнэдыкта XV

У той жа дзень, 25 ліпеня 1967 года, у каталіцкім Саборы Святога Духа ў Стамбуле адбылася яшчэ адна доўгачаканая падзея. У двары гэтай святыні ўзвышаецца статуя, прысвечаная Бэнэдыкту XV – “дабрадзею народаў без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі”. Сваю прамову да біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў Павел VI распачаў згадкай пра гэтага Пантыфіка”: "Мы не адчуваем сябе чужымі ў гэтым касцёле, бо ўсведамляем, што ідзем па слядах нашых папярэднікаў. Хіба не Бэнэдыкт XV толькі што прывітаў нас пры ўваходзе? Бэнэдыкт XV, чыя статуя ўзвышаецца тут, каб нагадваць наступным пакаленням пра вялікае сэрца гэтага высакароднага Пантыфіка, які глыбока перажыў боль Першай сусветнай вайны".

Пілігрымка на світанку Года Веры

Адным з важных момантаў падарожжа 1967 года стала Эўхарыстыя 26 ліпеня ў касцёле святога Антонія ў Стамбуле. У гаміліі Павел VI узгадаў Папу Яна XXIII, які больш за дваццаць гадоў да свайго абрання на Пасад Пятра служыў апостальскім дэлегатам у Турцыі і Грэцыі. Гэта быў час, калі Каталіцкі Касцёл прысутнічаў у маладой Турэцкай Рэспубліцы ў розных формах, дапамагаючы католікам і падтрымліваючы дыялог з праваслаўнымі і мусульманамі. Павел VI адзначыў, што касцёл святога Антонія быў любімым храмам Яна XXIII, калі ён служыў у Турцыі. Ён падкрэсліў значэнне апостальскага падарожжа “на світанку Года веры”, у шанаванні святынь і помнікаў веры, якія робяць гэтыя месцы прывілеяванымі.

Падарожжа ў сэрцы Паўла VI

Пасля Эўхарыстыі ў касцёле святога Антонія падарожжа прадоўжылася сустрэчамі з вернікамі ў Эфесе і Смірне, дзе захаваліся "вялікія хрысціянскія помнікі". Падчас развітальнай цырымоніі Папа ўзгадаў асноўныя моманты падарожжа, кажучы, што панясе "усё гэта ў сваім сэрцы".

Апостальскае падарожжа Яна Паўла II у 1979 годзе

Ян Павел II наведаў Турцыю ў 1979 годзе. “Я адпраўляюся ў гэтую краіну, каб з новым імкненнем працягнуць намаганні дзеля адзінства ўсіх хрысціян, у адпаведнасці з адной з галоўных мэт Другога Ватыканскага Сабора”. Cваю экуменічную пілігрымку Пантыфік пачаў у Анкары, дзе звярнуўся да мясцовай каталіцкай супольнасці словамі, якімі святы Пётр звяртаўся да невялікай хрысціянскай меншасці на гэтай зямлі амаль дзевятнаццаць стагоддзяў да гэтага.

Сустрэчы з Канстанцінопальскім Патрыярхам Дзімітрыёсам і армянскім Патрыярхам Шнорхам Калусцянам папярэднічалі сустрэчы з армянскай каталіцкай супольнасцю Стамбула. "Вы пакліканы больш, чым іншыя, быць будаўнікамі адзінства", - падкрэсліў Папа.

Ян Павел II у Турцыі
Ян Павел II у Турцыі

Краіна Сусветных Сабораў

У гаміліі ў катэдры Святога Духа Папа нагадаў, што асновы веры былі сфармуляваны на Саборах у Стамбуле і бліжэйшых гарадах, такіх як Нікея і Эфес. Ён узгадаў Айцоў Усходняй Царквы, якія нарадзіліся ў гэтым рэгіёне, і іх “непараўнальны апостальскі подзвіг”. На наступны дзень Ян Павел II сустрэўся з польскай супольнасцю – спадкаемцамі тых палякаў, якія больш за сто гадоў да гэтага заснавалі “польскі аазіс” на Басфоры.

Адзін з апошніх момантаў пілігрымкі – Святая Імша ў Эфесе. У гаміліі Папа даручыў Маці Божай лёс Касцёла і заклікаў да поўнай еднасці ўсіх хрысціян: “Пад яе матчыным позіркам мы гатовыя прызнаць свае ўзаемныя памылкі, эгаізм і маруднасць. Яна нарадзіла адзінага Сына, а мы, на жаль, прадстаўляем Яго падзеленага”. "Даручаем Марыі наш шчыры намер не супакойвацца, пакуль мэта не будзе шчасліва дасягнута".

Ян Павел II у Турцыі
Ян Павел II у Турцыі

Падарожжа пад знакам апостальства і адзінства

Пасля вяртання ў Італію Ян Павел II адзначыў, што падарожжа ў Турцыю праходзіла пад знакам дзвюх асаблівых рыс: апостальства і адзінства. Яно сведчыла аб "цвёрдай волі" Пераемніка Пятра "ісці наперад па дарозе, якая вядзе да поўнага адзінства ўсіх хрысціян".

Апостальскае падарожжа Бэнэдыкта XVI у 2006 годзе

У 2006 годзе па слядах сваіх папярэднікаў у Турцыю адправіўся Бэнэдыкт XVI. Ён узгадаў “памятныя візіты” Паўла VI і Яна Паўла II, а таксама нагадаў пра Бэнэдыкта XV, нязменнага творцы міру падчас Першай сусветнай вайны, і Яна XXIII, сябра турэцкага народа, які быў апостальскім дэлегатам у Турцыі і адміністратарам Лацінскага вікарыяту ў Стамбуле.

Мір усяму чалавецтву!

29 лістапада 2006 года Бэнэдыкт XVI узначаліў Эўхарыстыю ў нацыянальным марыйным санктуарыі ў Эфесе і заклікаў да міру ў Святой Зямлі і ва ўсім свеце. Ён звярнуў увагу на тое, што Эфес – горад, благаслаўлёны прысутнасцю Маці Божай, якую шануюць таксама мусульмане. Адсюль ён заклікаў да міру і прымірэння, асабліва для тых, хто жыве ў Святой зямлі – зямлі Абрагама, Ісаака і Якава, прызначанай стаць благаслаўленнем для ўсіх народаў.

Бэнэдыкт XVI у Турцыі
Бэнэдыкт XVI у Турцыі

Сустрэча з Патрыярхам Барталамеем I

30 лістапада 2006 года, у дзень святога апостала Андрэя, адбылася сустрэча Бэнэдыкта XVI з Патрыярхам Барталамеем I. У сумеснай дэкларацыі яны падкрэслілі радасць з магчымасці зноў адчуць сябе братамі. У патрыяршай царкве святога Георгія ў Фанары Бэнэдыкт XVI нагадаў, што “рознагалоссі, якія існуюць паміж хрысціянамі з'яўляюцца скандалам для свету і перашкодай для абвяшчэння Евангелля".

Шлях да адзінства

Візіт у Армянскі Апостальскі Патрыярхат і сустрэча з Патрыярхам Месробам II папярэднічалі заключнаму моманту падарожжа – Эўхарыстыі ў катэдры Святога Духа ў Стамбуле. Бэнэдыкт XVI нагадаў пра спадзяванне Яна Паўла II на тое, каб распачаць новае тысячагоддзе Касцёла ў поўным адзінстве. Хоць гэтае жаданне яшчэ не здзейснілася, імкненне да адзінства застаецца нязменным, - падкрэсліў Папа.

Апостальскае падарожжа Францішка ў 2014 годзе

У 2014 годзе апостальскае падарожжа ў Турцыю здзейсніў Францішак. Падчас сустрэчы з уладамі ён высока адзначыў намаганні Турцыі ў дапамозе бежанцам і падкрэсліў яе пакліканне стаць мостам паміж кантынентамі і народамі. Ён адзначыў значэнне рэлігійнай свабоды як красамоўнай прыкметы міру і сяброўства паміж народамі.

29 лістапада Францішак наведаў мячэць Султана Ахмета (блакітную мячэць) і сустрэўся з каталіцкай супольнасцю Стамбула ў апостальскай дэлегатуры. Асабліва кранальным момантам стала яго маўклівая прысутнасць басанож у мячэці побач з вялікім муфтыем. Пазней, падчас Імшы ў катэдры Святога Духа, ён нагадаў, што адзінства і гармонію паміж вернікамі стварае менавіта Святы Дух.

Увечары 29 лістапада ў патрыяршай царкве Святога Георгія прайшла экуменічная малітва з Патрыярхам Барталамеем І, падчас якой Францішак прасіў “благаславіць яго і Рымскі Касцёл”. На наступны дзень яны падпісалі сумесную дэкларацыю пра намер узмацніць намаганні дзеля поўнага адзінства хрысціян, асабліва католікаў і праваслаўных. Падарожжа завяршылася сустрэчай Францішка з маладымі бежанцамі з Турцыі, Сірыі, Ірака, розных краін Блізкага Усходу і Афрыкі, становішча якіх стала "сумным следствам абвостраных канфліктаў і войнаў".

Апостальскае падарожжа Францішка ў Турцыю
Апостальскае падарожжа Францішка ў Турцыю

Папы і Турцыя

Рымскія Пантыфікі традыцыйна выбіраюць Турцыю адным з першых кірункаў сваіх апостальскіх падарожжаў, бо гэта зямля глыбока звязаная з вытокамі хрысціянства, гісторыяй Касцёла і шляхамі апостала Паўла, які быў яўрэям з Тарса, у сучаснай Турцыі. Візіт Льва XIV працягвае гэты ланцуг папскіх падарожжаў у Турцыю, дадаючы новы крок на шляху да адзінства і дыялогу ў духу Нікейскага Сабора.

25 лістапада 2025, 12:38