Святы Айцец: Латэранская базіліка – сімвал жывога Касцёла

Латэранская базіліка – не проста гістарычны помнік ці месца памяці, але “знак жывога Касцёла”, пабудаванага з “жывых камянёў” у Хрысце, - нагадаў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

9 лістапада 2025 года Папа ўзначаліў святую Імшу з нагоды ўрачыстасці гадавіны пасвячэння Латэранскай базілікі – катэдры біскупа Рыма і “маці ўсіх касцёлаў”. Базіліку святога Яна на Латэране асвяціў у IV стагоддзі Папа Сільвестр I, а пабудавана яна была па жаданні імператара Канстанціна пасля таго, як у 313 годзе ён дазволіў свабоднае вызнанне хрысціянскай веры.

У гаміліі Пантыфік нагадаў, што Латэранская базіліка — не проста гістарычны помнік ці месца памяці, але “знак жывога Касцёла”, пабудаванага з “жывых камянёў” у Хрысце, краевугольным камені (пар. 1 Пт 2:4-5). У хрысціянскай супольнасці існуе звычай называць словам “Касцёл” як сход вернікаў, так і храм, які іх збірае, - нагадаў Святы Айцец, заклікаючы вернікаў задумацца над тым, што значыць быць Касцёлам.

Разважаючы пра фундамент базілікі, Леў XIV падкрэсліў: як фізічны будынак не можа стаяць без трывалай асновы, так і жыццё хрысціяніна мусіць грунтавацца на скале Хрыста (пар. Мц 7:24-27). Апостал Павел нагадвае: “ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус” (1 Кар 3:11). Гэта азначае пастаянна вяртацца да Яго і Евангелля, будучы пакорлівымі дзеянню Духа Святога.

Папа заклікаў вернікаў не быць паспешлівымі і павярхоўнымі, не паддавацца спакусе неадкладных вынікаў. Тысячагадовая гісторыя Касцёла вучыць, што сапраўдная супольнасць веры будуецца са сціпласцю і цярплівасцю. Ён прывёў у прыклад гісторыю Закхея (Лк 19:1-10), багатага і магутнага чалавека, які, прызнаўшы сваю абмежаванасць і пераадолеўшы гонар, узлазіць на дрэва, каб сустрэцца з Езусам і распачаць новае жыццё.

Святы Айцец выкарыстаў вобраз будаўнічай пляцоўкі: Касцёл – гэта вялікая Божая будоўля, дзе ўсе вернікі працуюць разам, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды. "Рымскі Касцёл, у прыватнасці, сведчыць пра гэта на дадзеным этапе ажыццяўлення Сінода, калі тое, што выспявала цягам гадоў працы, павінна прайсці праверку "на месцах". Гэта прадугледжвае шлях у гару, але не трэба падаць духам. Наадварот, трэба працягваць працаваць, з даверам, каб расці разам”.

Папа адзначыў, што і ў гісторыі Латэранскай базілікі былі складаныя часы, але дзякуючы веры і настойлівасці нашых папярэднікаў гэтая святыня застаецца знакам надзеі, “маці ўсіх Касцёлаў”.

Асобна Леў XIV спыніўся на ролі літургіі, якая з’яўляецца “вяршыняй, да якой імкнецца дзейнасць Касцёла, і крыніцай, з якой выцякае ўся яго энергія”. Менавіта праз літургію вернікі будуюць храм Божы і атрымліваюць моц, каб абвяшчаць Хрыста ў свеце. Папа нагадаў пра неабходнасць захавання літургіі такой, “каб яна магла служыць прыкладам для ўсяго Народа Божага, з захаваннем нормаў, з увагай да розных пачуццяў тых, хто ўдзельнічае, паводле прынцыпу мудрай інкультурацыі і ў той жа час у вернасці стылю ўрачыстай сціпласці, характэрнаму для рымскай традыцыі”. “Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб простая прыгажосць абрадаў магла выяўляць каштоўнасць культу для гарманічнага росту ўсяго Цела Пана”, - дадаў ён.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік працытаваў святога Аўгустына, які казаў, што “прыгажосць – гэта не што іншае, як любоў, а любоў – гэта жыццё”. “Літургія – гэта тая сфера, у якой гэтая праўда рэалізуецца ў найвышэйшай ступені, і я спадзяюся, што той, хто набліжаецца да алтара рымскай катэдры, адыходзіць ад яго, поўны той ласкі, якой Пан хоча напоўніць свет”, - пажадаў Леў XIV.

09 лістапада 2025, 10:40